Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ганконгу ўдзельнікі акцыі пратэсту заблякавалі пад’езды да аэрапорту


Удзельнікі акцый пратэсту ў аэрапорце Ганконгу.

Удзельнікі акцый пратэсту ў Ганконгу ў нядзелю заблякавалі пад’езды да міжнароднага аэрапорту Ганконгу — нягледзячы на супрацьдзеяньне паліцыі.

Сам аэрапорт па-ранейшаму прымае і адпраўляе самалёты, аднак пад’язныя шляхі да яго перакрытыя. Пратэстоўцы таксама перакрылі рух хуткасных цягнікоў з гораду ў аэрапорт. На адной са станцый яны зламалі турнікеты і камэры відэаназіраньня.

«Калі мы парушым працу аэрапорту, больш людзей па ўсім сьвеце даведаецца аб тым, што адбываецца ў Ганконгу» — прыводзіць агенцтва Reuters словы аднаго з удзельнікаў акцыі пратэсту.

У шэрагу месцаў паліцыя ўступала ў сутыкненьні з пратэстуючымі, некалькі чалавек былі арыштаваныя. Па сацыяльных сетках разышлася відэазапіс зьбіцьця паліцыянтамі ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў вагоне мэтро.

Да вечара нядзелі частка пратэстуючых пакінула раён аэрапорту, часткова разблякаваўшы яго.

Акцыі пратэсту ў горадзе працягваюцца 13-ы тыдзень, удзельнікі выступаюць за адкліканьне законапраекту аб экстрадыцыі падазраваных у злачынствах судам кантынэнтальнага Кітаю і супраць ператварэньня Ганконгу, які жыве паводле брытанскага права і на асаблівых умовах, у звычайны кітайскі горад.

Напярэдадні дзясяткі тысяч дэманстрантаў прайшлі маршам па вуліцах гораду, праігнараваўшы забарону гарадзкіх уладаў. Паліцыя Ганконгу ўжыла вадамёты і гумовыя кулі супраць дэманстрантаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG