Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзякуючы кратáм у Белавескай пушчы знайшлі сьляды пасяленьня, якому больш за 2000 гадоў


Польскія археолягі адкрылі сьляды пасяленьня на тэрыторыі Белавескай пушчы, старэйшага за дзьве тысячы гадоў. Былі знойдзеныя фрагмэнты глінянага посуду, крэмніевыя прылады працы, прадметы з мэталу і шкла.

Знаходка была выпадкова выяўленая на польскім баку пушчы, у Сахараве непадалёк ад Гайнаўкі. Знайсьці стаянку дапамаглі краты, якія выпіхнулі некаторыя прадметы на паверхню.

Падчас геалягічнага сьвідраваньня на адной зь лясных палянак, разьмешчаных у рэчышчы ракі Лясная, навукоўцы з Унівэрсытэту кардынала Стэфана Вышынскага знайшлі шматлікія фрагмэнты ганчарных вырабаў розных пэрыядаў.

Унутры кожнай з раскопак знаходзіліся розныя археалягічныя аб’екты: ачагі, печы, склады для харчоў і шматлікія ямы.

Археолягі прыйшлі да высновы, што стаянка ў Сахараве была або самім паселішчам, або яго складам. Падобных аб’ектаў у пушчы ня шмат.

У ходзе дасьледаваньняў было выяўлена мноства старажытных матэрыялаў — галоўным чынам фрагмэнты гліняных посудаў, ліштвы, прадметы з мэталу і шкла. Адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што дзейнасьць чалавека была там сканцэнтраваная галоўным чынам у апошнія стагодзьдзі да нашай эры, а таксама ў першыя стагодзьдзі нашай эры і была зьвязаная з культурай штрыхаванай керамікі і больш позьняй вэльбарскай культурай, якая звычайна ідэнтыфікуецца з готамі.

Наступным пэрыядам, зь якім зьвязаная чалавечая дзейнасьць у гэтым паселішчы, зьяўляецца XVII стагодзьдзе. Дасьледчыкам удалося знайсьці манэты гэтага пэрыяду, якія захоўваліся непасрэдна ў археалягічных помніках. Знойдзеныя крэмніевыя прылады сьведчаць аб тым, што форма чалавечай дзейнасьці мела месца на мяжы эпохі нэаліту і бронзы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG