Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль забараніў уезд дзьвюм мусульманкам з Кангрэсу ЗША


Ільхан Амар (зьлева) і Рашыда Тлаіб

Ізраіль вырашыў не пускаць у краіну чальцоў Палаты прадстаўнікоў ЗША, дэмакратак Рашыду Тлаіб і Ільхан Амар. Абедзьве яны першыя жанчыны-мусульманкі, выбраныя ў Кангрэс.

Рашыда Тлаіб і Ільхан Амар вядомыя крытыкай прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і палітыкі Ізраіля ў дачыненьні Палестынскай аўтаноміі. Яны выказваліся ў падтрымку палестынскага антыізраільскага руху «Байкот, адмова ад інвэстыцый і санкцыі». Згодна з заканадаўствам Ізраіля, уезд у краіну прыхільнікам руху можа быць забаронены.

Трамп напісаў у твітэры, што Ізраіль праявіць слабасьць, калі пагодзіцца прыняць Тлаіб і Амар.

Лідэрка дэмакратаў у Кангрэсе Нэнсі Пэлосі заявіла, што глыбока засмучаная рашэньнем ізраільскіх уладаў. Лідэр дэмакратычнай меншасьці ў Сэнаце Чак Шумэр заклікаў урад Ізраіля перагледзець рашэньне. Па словах Амар, забарона паездкі ёсьць абраза. У сваю чаргу Тлаіб назвала рашэньне Ізраіля слабасьцю. Аднак яна выказала надзею, што візыт можа адбыцца ў будучыні.

У ліпені амбасадар Ізраіля ў ЗША Рон Дэрмэр сказаў, што Тлаіб і Амар дазволяць уехаць у краіну з павагі да Кангрэсу ЗША і амэрыканска-ізраільскіх стасункаў.

СМІ са спасылкай на крыніцы пішуць, што ў рамках свайго візыту чальцы Кангрэсу плянавалі наведаць мячэць Аль-Акса. Раён мячэці зьяўляецца сьвятыняй і для мусульман, і для юдэяў. Ён знаходзіцца ў той частцы Ерусаліма, якую Ізраіль узяў пад кантроль разам з Заходнім берагам ракі Ярдан у выніку шасьцідзённай вайны 1967 году. ААН лічыць, што Ізраіль анэксаваў гэтую тэрыторыю. Сустрэч з прадстаўнікамі ізраільскіх уладаў у плянах не было. Як сьцьвярджаецца, усё гэта паслужыла прычынай для адмовы ва ўезьдзе ў Ізраіль.

Тлаіб паходжаньнем палестынка, нарадзілася ў штаце Мічыган. Яе сваякі жывуць у палестынскай вёсцы на Заходнім беразе. Прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу заявіў, што можа разгледзець пытаньне аб наведваньні Тлаіб сваякоў, калі яна пра гэта папросіць.

Амар імігравала ў ЗША з Самалі ў дзяцінстве. Яна прадстаўляе ў Кангрэсе пятую акругу штату Мінэсота. У лютым Амар прынесла прабачэньні пасьля таго, як лідэры дэмакратаў асудзілі яе выказваньні аб праізраільскіх лобі ў ЗША, абвінаваціўшы ў выкарыстаньні антысэміцкіх стэрэатыпаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG