Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчына, якую на акцыі ў Маскве зьбіў амапавец, шпіталізаваная


Дар'я Сасноўская падчас затрыманьня 10 жніўня ў Маскве

Дар’я Сасноўская, якую паліцыянт пры затрыманьні выцяў у жывот, шпіталізаваная. Пра гэта тэлеканалу RTVI расказала адвакатка Тацьцяна Малаканава. Напярэдадні пацярпелая зьвярталася ў траўматалягічнае аддзяленьне.

У якой лякарні цяпер знаходзіцца Сасноўская, адвакатка не сказала. Яна выказала здагадку, што шпіталізацыя можа быць зьвязаная з чэрапна-мазгавой траўмай.

Пасьля суботняй акцыі адзін з паліцэйскіх, якія затрымалі Сасноўскую, выцяў яе ў жывот. Пазьней ужо ў аўтазаку Сасноўская атрымала ўдар па галаве. Яна падала заяву ў Сьледчы камітэт з патрабаваньнем прыцягнуць супрацоўніка МУС да крымінальнай адказнасьці.

Імя паліцыянта пакуль дакладна невядомае — у паліцыі сьцьвярджаюць, што зьвесткі праекту Baza, які назваў раней у панядзелак ягонае імя, не дакладныя.

На аўторак 14 жніўня прызначана судовае паседжаньне ў справе Дар’і Сасноўскай, абвінавачанай у парушэньні правілаў правядзеньня мітынгу.

Аб недапушчальнасьці адвольных затрыманьняў грамадзян у панядзелак заявілі чальцы Савету правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі.

Акцыі пратэсту ў Маскве праходзяць з 14 ліпеня, іх удзельнікі патрабуюць дапусьціць да выбараў у Маскоўскую гарадзскую думу незалежных кандыдатаў, сабраныя якімі подпісы выбаркам палічыў несапраўднымі. На акцыях 27 ліпеня, 3 і 10 жніўня пратэстоўцаў зьбівалі і затрымлівалі супрацоўнікі Расгвардыі і АМАПу. 10 жніўня на акцыях, якія праходзілі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Растове-на-Доне і Бранску, затрымана агулам 325 чалавек. Падчас папярэдняй акцыі затрымалі больш за тысячу чалавек.

Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу аб масавых беспарадках 27 ліпеня, у межах якой прад’явіў абвінавачаньне 14 фігурантам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG