Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі ААН загінулі ў Лібіі пры падрыве аўтамабіля


Ілюстрацыйнае фота

Трое супрацоўнікаў ААН загінулі, яшчэ двое параненыя ў выніку нападу на аўтамабіль ААН 10 жніўня ў горадзе Бенгазі на ўсходзе Лібіі, паведамляе Reuters. Іншых падрабязнасьцяў здарэньня няма.

Паводле прадстаўніка лібійскай нацыянальнай арміі, у выніку нападу параненыя 10 чалавек, у тым ліку дзеці.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гютэрыш асудзіў напад на аўтамабіль ААН у Бенгазі і выказаў спачуваньні сем’ям загінулых.

Прадстаўнік ААН у Лібіі заявіў у сувязі з нападам, што кіраўнік ААН заклікае ўсе варожыя бакі паважаць гуманітарнае перамір’е ў сувязі з мусульманскім сьвятам. У ААН настойваюць на працягу мірных перамоваў паміж бакамі канфлікту ў Лібіі.

У Лібіі працяглы час захоўваецца двоеўладзьдзе: на ўсходзе краіны, у горадзе Тобрук, знаходзіцца парлямэнт, а на захадзе, у сталіцы Трыпалі, грунтуецца сфармаваны пры падтрымцы ААН і прызнаны міжнароднай супольнасьцю ўрад нацыянальнай згоды пад кіраўніцтвам Фаеза Сараджа. Улады на ўсходзе краіны дзейнічаюць незалежна ад Трыпалі, абапіраючыся на нацыянальную армію на чале з маршалам Хафтарам.

4 красавіка Халіфа Хафтар абвясьціў пра пачатак наступу на Трыпалі. У той жа дзень пачаліся першыя баі, у выніку якіх «Лібійская нацыянальная армія» ўзяла пад кантроль некалькі населеных пунктаў.

У баях за Трыпалі з пачатку красавіка загінулі сама меней 740 чалавек, параненыя больш за 4400 чалавек (паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя за чэрвень), 75 тысяч мясцовых жыхароў былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG