Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кіраўнік Жодзіна спрыяў сябрам-прадпрымальнікам. Яго будуць судзіць


Юры Шары, архіўнае фота
Юры Шары, архіўнае фота

Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да былога старшыні Жодзінскага гарвыканкаму Юрыя Шарага, паведамляе прэс-служба СК. Чакаецца перадача справы ў суд.

Чыноўніка абвінавачваюць «у шэрагу злачынстваў супраць інтарэсаў службы», у тым ліку, што спрыяў беспадстаўнаму пералічэньню вялікіх грошай прадпрымальнікам, зь якімі сябраваў. Акрамя таго, за хабар Юры Шары лабіяваў інтарэсы прыватных арганізацый-забудоўнікаў, каб тыя маглі будаваць вялікія шматпавярховыя жылыя дамы ў Жодзіне і мелі мінімум цяжкасьцяў пры перадачы ў камунальную ўласнасьць кватэр у гэтых дамах.

У ходзе расьсьледаваньня дапыталі больш за 200 сьведак і выявілі «розныя зьвесткі, якія ўказваюць на неслужбовы характар стасункаў былога старшыні выканкаму і кіраўнікоў некаторых суб’ектаў гаспадараньня», паведамляе СК.

57-гадовага чыноўніка абвінавачваюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426) і атрыманьні хабару (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Ён знаходзіцца пад вартай. Акрамя таго, у якасьці абвінавачаных прыцягнуты два чалавекі, якія ўдзельнічалі ў перадачы хабару.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіраваньня ў суд.

Пра затрыманьне Юрыя Шарага Свабодзе стала вядома ў кастрычніку 2018 году. Як паведамляе СК, яго затрымалі непасрэдна пасьля атрыманьня чарговага хабару.

Юры Шары ўзначаліў гарвыканкам Жодзіна 25 кастрычніка 2016 году. Дагэтуль шэсьць гадоў працаваў намесьнікам кіраўніка гарвыканкаму.

«Я вельмі жорсткі, патрабавальны ў першую чаргу да сябе, калі ёсьць прычыны, — казаў Шары адразу пасьля прызначэньня ў інтэрвію тэлеканалу СТВ. — Я думаю, гэта дасьць станоўчы вынік».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG