Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, які адкрыў страляніну ў Агаё, быў апантаны ідэямі гвалту


Кадар зь відэазапісу, які захаваў напад у Дэйтане

24-гадовы Конар Бэтс, які падазраецца ў забойстве дзевяці чалавек у горадзе Дэйтан, штат Агаё, асабліва ня ўтойваў свайго ўхваленьня гвалту і раней разважаў аб учыненьні масавых забойстваў, паведамілі 6 жніўня сьледчыя Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША.

На прэс-канфэрэнцыі прадстаўнікі ФБР паведамілі, што дэйтанскі стралок быў апантаны ідэямі гвалту, уключаючы масавыя забойствы, і што ён выказваў у размовах са знаёмымі гатоўнасьць да публічных актаў гвалту. Нягледзячы на тое, што шасьцёра з загінулых афраамэрыканцы, улады ўказваюць, што няма доказаў лічыць гэта злачынства расава матываваным.

Паводле зьвестак сьледзтва, ён дзейнічаў адзін. Конар Бэтс застрэліў 4 жніўня сваю сястру, а потым яшчэ 8 чалавек. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, апрануўшы бронекамізэльку, Бэтс адкрыў агонь з аўтаматычнай вінтоўкі з магазінам вялікай ёмістасьці, у раёне, дзе разьмяшчаюцца папулярныя бары і начныя клюбы. Паліцыянты, якія прыехалі на выклік, застрэлілі Бэтса на працягу 30 сэкундаў пасьля пачатку перастрэлкі. Калі б не апэратыўная рэакцыя паліцыі, ахвяраў магло быць значна больш.

У школьныя гады, паведамляе мясцовая прэса, Бэтс быў нібыта апантаны жаданьнем забіць некаторых са сваіх аднаклясьнікаў і нават падрыхтаваў сьпіс «асуджаных».

Сьледчыя працягваюць пошукі магчымых матываў забойцы, а таксама спрабуюць адказаць на пытаньне, ці меў ён саўдзельніка.

Масавае забойства ў Дэйтане адбылося раніцай 4 жніўня, роўна праз 13 гадзін пасьля перастрэлкі, у выніку якой загінулі 22 чалавекі ў горадзе Эль-Паса, штат Тэхас, аднак агенты ФБР не знайшлі сувязі паміж двума актамі гвалту.

Губэрнатар Агаё Майк Дэвайн прапанаваў законапраект, які дазволіць судам канфіскаваць агнястрэльную зброю ў людзей, якіх палічаць пагрозай для сябе саміх або для іншых. З адпаведным запытам у суд могуць зьвярнуцца праваахоўнікі ці сваякі такіх людзей. Падобныя заканадаўчыя акты ўжо зацьверджаныя ў 17 штатах. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп таксама падтрымаў законы, якія дазваляюць канфіскацыю зброі ў небясьпечных асобаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG