Instagram Скарыны: Жыцьцё першадрукара ў 13 падарожжах

6 жніўня 1517 году Францішак Скарына выдаў першую друкаваную беларускую кнігу ― «Псалтыр». Ён падарожнічаў ня менш за каторага сучаснага маладзёна. Ураджэнец Полацку аб'ехаў палову Эўропы*: ад Вэнэцыі да Масквы. Пакінуў сьлед ва ўнівэрсытэтах Польшчы і Вэнэцыянскай рэспублікі, пры каралеўскіх дварах Даніі і Чэхіі. У Познані ён адседзеў у астрогу, а з Саксоніі ад яго ўцякаў Марцін Лютэр. Мы падумалі, што Скарына абавязкова карыстаўся б сацсеткамі. І вось як мог бы выглядаць ягоны інстаграм.

Зьвестак пра дату нараджэньня Скарыны не захавалася. Лічыцца, што ён нарадзіўся паміж сярэдзінай 1480-х і сярэдзінай 1490-х. Ягоны бацька Лукаш Скарына меў у Полацку ўласную зямлю, быў гандляром. Старэйшы сын Іван і малодшы Францішак дапамагалі яму ў сямейным бізнэсе. А заробленыя грошы Францішак мог выкарыстоўваць на вучобу за мяжой і кнігадрукаваньне.

Гісторыкі схіляюцца да думкі, што Францішак Скарына мусіў вучыцца ў Вільні на пачатку 1500-х гадоў. Тут ён вывучыў лацінскую мову, неабходную для ўнівэрсытэцкай адукацыі. Перад паступленьнем у Кракаўскі ўнівэрсытэт ён мог вучыцца ў школе пры біскупскай катэдры.

Скарына атрымаў унівэрсальную адукацыю ў Кракаве, дзе ён вучыўся з 1504 па 1506 год. На аддзяленьні навук вызваленых ён вывучаў граматыку, рыторыку, дыялектыку, арытмэтыку, геамэтрыю, астраномію і музыку. У 1504–1505 навучальным годзе ў Кракаў паступіў 291 студэнт. Праз два гады толькі 60 зь іх атрымалі вучоную ступень. У тым ліку Скарына. Верагодна, ён працягнуў вучобу ў Кракаве, здаў магістэрскі іспыт і атрымаў ступень доктара.

У 1509 годзе вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары адправіў дэлегацыю ў дацкае каралеўства, каб заключыць дамову аб сяброўстве. Мяркуецца, што ў складзе літвінскіх дыпляматаў мог быць і Францішак Скарына. А сваю службу пры двары караля Даніі палачанін мог сумяшчаць з вучобай ва ўнівэрсытэце Капэнгагена. У той жа час існуе вэрсія, што пад «Дацыяй» (Datia) магла мецца на ўвазе Трансыльванія.

Да канца XIX стагодзьдзя Падуя ўваходзіла ў Вэнэцыянскую рэспубліку. Ад Вэнэцыі да Падуі — 40 км. Прафэсар вэнэцыянскага ўнівэрсытэту Ка Фоскары Аляксандар Навумаў расказваў Свабодзе, што, верагодна, Скарына наведваў і Вэнэцыю. Тут ён мог сустрэць сэрбскага першадрукара Бажыдара Вукавіча. На пачатку XVI стагодзьдзя ў Вэнэцыі адбывалася культурная рэвалюцыя, працавала больш за 700 друкарняў. Акурат тут Скарына мог натхніцца на будучую справу жыцьця.

Увосень 1512 году Скарына атрымаў допуск да іспытаў ва ўнівэрсытэце Падуі. Цягам двух дзён ён абараніў свае навуковыя тэзысы. 9 лістапада ў біскупскім палацы яго абвясьцілі доктарам мэдыцыны. На выяве з праскіх выданьняў Скарына выяўлены якраз у доктарскай мантыі і бэрэце, якія яму ўручылі ў Падуі. А ў самім унівэрсытэце ў 1940-я гады зьявіўся партрэт Францішка Скарыны як аднаго з выбітных выпускнікоў.

Лічыцца, што Скарына прыехаў у Прагу не пазьней за 1516 год. Ён сам пераклаў на «рускую» мову (старабеларускую. — РС) і выдаў 23 ілюстраваныя кнігі Бібліі. Першую кнігу Скарына надрукаваў у 1517 годзе. Да кожнай ён напісаў прадмову, дзе расказваў пра гісторыю яе стварэньня і разважаў пра зьмест. Фінансава яму дапамагалі віленскія мэцэнаты Якуб Бабіч і Багдан Онькаў. Агульны аб’ём усіх праскіх выданьняў — 1200 аркушаў.

Пасьля трох год актыўнай друкарскай дзейнасьці ў Празе каля 1520 году Скарына пераяжджае ў Вільню. У доме віленскага бургамістра Якуба Бабіча, свайго мэцэната, ён заснаваў першую ў ВКЛ друкарню. Там былі выдадзеныя 23 часткі «Малой падарожнай кніжыцы» і «Апостал». Ён служыў сакратаром у віленскага біскупа Яна, вёў мэдычную практыку. У гэты час ён ажаніўся з Маргарытай, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка.

На пачатку XVI стагодзьдзя ва ўнівэрсытэце саксонскага гораду Вітэнбэргу выкладаў багаслоў Марцін Лютэр. У гістарычных крыніцах захаваліся зьвесткі, як у 1525 годзе да Лютэра прыехаў «Францыск-паляк». Ён уразіў Лютэра ведамі і манерамі. Але потым немец узгадаў прароцтва, што яму варта асьцерагацца паляка Францыска. І ўцёк зь Вітэнбэргу. Лічыцца, што тым палякам мог быць якраз Скарына.

У гістарычных дакумэнтах захаваліся сьведчаньні пра выдаўца «рускіх кніг», які прыяжджаў у Маскву ў ў канцы 1520-х – пачатку 1530-х гадоў. Але ягоныя кнігі там спалілі, бо яны былі надрукаваныя ў месцах, «падданых рымскай царкве». Акрамя Скарыны, у той час ніхто не выдаваў «рускія кнігі». Мяркуецца, што ў Маскве Скарына зьбіраўся наладзіць кнігадрукаваньне для праваслаўных жыхароў Масковіі.

У гэтыя часы многія эўрапейскія краіны цярпелі ад так званай ангельскай гарачкі. Дакацілася яна і да Прусіі. Лічыцца, што Скарыну ў 1530 годзе запрасілі ў Кёнігсбэрг менавіта як дасьведчанага лекара. Дакладна вядома, што герцаг прылічыў Скарыну да кола сваіх падданых. Аднак па вяртаньні ў ВКЛ Скарына патаемна вывез з Кёнігсбэргу друкара і мэдыка, чым разьюшыў герцага.

Калі ягоны старэйшы брат Іван памёр у Познані ў 1529 годзе, Скарына паехаў у Польшчу па спадчыну. Суды цягнуліся некалькі год. А ў 1532 годзе па пазове крэдытораў Скарыну арыштавалі і зьмясьцілі ў пазнанскі астрог. І хоць ягоны пляменьнік Раман расплаціўся за даўгі, Францішка вызвалілі толькі пасьля ўмяшаньня караля Жыгімонта.

Да 1530-х гадоў памерлі ўсе Скарынавы мэцэнаты зь Вільні. У пажары 1530 году згарэў дом ягонай жонкі Маргарыты, а сама яна памерла падчас эпідэміі ў 1531 годзе. Мала што трымала Скарыну ў Вялікім Княстве, і ён пераехаў на службу да каралеўскага двара Чэхіі. Францішак працаваў у новым батанічным садзе ў Градчанах і пражыў у Празе з 1530-х да канца жыцьця — да 1552 году.

*Пры падрыхтоўцы тэксту выкарыстоўвалася кніга Алеся Сушы «Францішак Скарына – чалавек сьвету» (Менск, 2016).

Упершыню апублікавана на сайце 7 ліпеня 2017