Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: усе чальцы каманды загадзя напісалі заявы аб адстаўцы


Андрэй Богдан.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў пятніцу пацьвердзіў, што кіраўнік яго офісу (адміністрацыі) Андрэй Богдан напісаў заяву аб адстаўцы. Пры гэтым Зяленскі падкрэсьліў, што падобныя заявы загадзя напісалі «ўсе» чальцы яго каманды, бо «не трымаюцца за ўладу».

«Усе ключавыя людзі, якія са мной прыйшлі, — дамовіліся з самага пачатку, што напішам заявы аб звальненьні. Калі грамадзтва ці прэзыдэнт будуць адчуваць, што той ці іншы чалавек ня можа справіцца з пастаўленымі Ўкраінай задачамі, то ў любы момант гэты чалавек, не трымаючыся за крэсла, сыдзе ў адстаўку», — сказаў Зяленскі падчас наведваньня Івана-Франкоўску. Ён падкрэсьліў, што рашэньне аб адстаўцы Богдана не прынятае і той застаецца на сваёй пасадзе.

Магчымая адстаўка кіраўніка офісу Зяленскі стала напярэдадні галоўнай тэмай для абмеркаваньня ва ўкраінскіх СМІ. Шэраг СМІ сьцьвярджалі, што Богдан напісаў заяву, іншыя са спасылкай на паплечнікаў Зяленскі адмаўлялі гэта.

Было апублікаванае і фота заявы аб адстаўцы па ўласным жаданьні — аднак бяз даты. Богдан ў пятніцу пацьвердзіў яго сапраўднасьць, выказаўшы здагадку, што дакумэнт маглі выкласьці ў сеткі «журналісты-дасьледнікі» ці спэцслужбы з мэтай «правакацыі».

Апанэнты раней падвяргалі Зяленскага крытыцы за прызначэньне Богдана — былога юрыста бізнэсмэна Ігара Каламойскага — на высокую пасаду. Сьцьвярджалася, у прыватнасьці, што ён падпадае пад закон аб люстрацыі.

Шэраг камэнтатараў, акрамя таго, пісалі аб адстаўцы Богдана як аб нібыта ўмове арганізацыі асабістай сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны. Юрыст Дональда Трампа Рудольф Джуліяні раней крытыкаваў атачэньне Зяленскага, абвінавачваючы яго ў цесных сувязях з апанэнтамі Трампа. Камэнтатары меркавалі, што гаворка ішла ў тым ліку пра Богдана.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG