Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Анега» стала купляць бульбу ў Расеі, бо не расплацілася ў Беларусі, — фэрмэры


Belarus - sweet potato, food, photo

У канцы ліпеня ў Калодзішчах, што пад Менскам, быў запушчаны трэці завод групы кампаніяў «Анега». Як высьветлілася, для вырабу чыпсаў там будуць закупляць бульбу з Расеі, бо ў Беларусі належнай якасьці бульбы не знайшлося. Выданьне Office.life спытала беларускіх фэрмэраў, чаму так.

Як заяўляла «Анега», зь беларускімі пастаўшчыкамі кампанія «ня можа знайсьці паразуменьня ў пытаньнях якасьці, выкананьня тэрмінаў паставак, гарантаваных аб’ёмаў ды іншых істотных момантах». Але фэрмэры заявілі, што наўмысна перасталі вырошчваць бульбу для чыпсаў, бо «Анега» за яе не плаціла.

  • Дырэктар кампаніі «Ніка» заявіў пра «Анегу», што «яны аблажаліся — людзі ім ураджай сабралі, а тыя не змаглі захаваць». Пасьля судоў «Анега» засталася вінаватай 25 тысяч даляраў за бульбу, але не заплаціла дагэтуль.
  • Кіраўнік гаспадаркі «Агра-Моталь» заявіў, што «Анега» плаціла толькі часткова (з 2016 году вісіць запазычанасьць на 113 тысяч рублёў), а ў лік запазычанасьці «прапанавалі забраць стары кароўнік пад Менскам». З пастаўшчыкамі з Расеі і Ўкраіны, дадае ён, «Анега» працуе з перадаплаты.
  • Паводле кіраўніка гаспадаркі «Сула», кампанія «Анега» вінаватая грошы больш як 30 пастаўшчыкам, «ёсьць чарга выплаты гэтых патрабаваньняў».

Цяпер, кажуць фэрмэры, «Анега» спрабуе наладзіць стасункі і сама зьвяртаецца да беларускіх гаспадарак з прапановамі аб міравым пагадненьні. Заявы фэрмэраў «Анега» не камэнтавала.

У НПЦ бульбаводзтва пацьвердзілі, што ў Беларусі цалкам магчыма вырошчваць бульбу для чыпсаў, бо «асаблівай тэхналёгіі яна не патрабуе, але патрэбны спэцыяльныя зададзеныя ўласьцівасьці». Фэрмэры ж кажуць, «няма замоваў — няма бульбы». Акрамя «Анегі», чыпсавую бульбу «больш няма каму прадаваць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG