Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьменіцца ў Беларусі зь 1 жніўня


Пражытковы мінімум пераваліў за 100 эўра. Таксама зьмяніліся пэнсіі, выплаты на дзяцей, камісіі ў банкаматах і цэны на цыгарэты.

Пражытковы мінімум

Ад 1 жніўня ў Беларусі на 3,1% падвышаецца бюджэт пражытковага мінімуму, ад якога залежаць памеры пэнсіяў і дзяржаўнай дапамогі на дзяцей, а таксама афіцыйная колькасьць людзей за мяжой беднасьці. Пражытковы мінімум цяпер такі:

  • у сярэднім на душу насельніцтва — 230 беларускіх рублёў 91 капейка;
  • для працаздольнага насельніцтва — 257,05 р;
  • для пэнсіянэраў — 176,75 р;
  • для студэнтаў — 223,93 р;
  • для дзяцей ва ўзросьце да трох гадоў — 147,18 р;
  • для дзяцей 3–6 гадоў — 203,38 р;
  • для дзяцей 6–18 гадоў — 250,19 р.

Паводле курсу Нацбанку, сярэдні пражытковы мінімум цяпер складае 113,47 даляра ЗША (быў 106,39), або 101,79 эўра (раней 95,04).

Пэнсіі

З ростам БПМ мяняюцца і пэнсіі. Цяпер яны складаюць:

  • мінімальная па ўзросьце — 242,88 р;
  • сацыяльная для інвалідаў І групы — 254 р;
  • для інвалідаў ІІ групы ад нараджэньня — 219,36 р;
  • для інвалідаў ІІ групы і дзяцей у выпадку страты карміцеля — 196,27 р;
  • для інвалідаў ІІІ групы — 173,18 р;
  • сацыяльная для старэйшых за пэнсійны ўзрост — 115,46 р.

У залежнасьці ад стану здароўя дзецям-інвалідам будуць плаціць ад 184,74 р да 245 р. Беспрацоўныя пэнсіянэры пасьля 75 гадоў атрымаюць дадатковую надбаўку 43,3 р, пасьля 80 гадоў – 57,73 р (таксама проста за дасягненьне 80 гадоў даецца надбаўка яшчэ 28,87 р). Пэнсіянэрам-інвалідам І групы дадуць надбаўку 57,73 р. За дагляд старэйшага за 80 гадоў або інваліда І групы выплацяць 230,91 р., за дагляд дваіх такіх – 277,09 р.

Дапамога на дзяцей

Яшчэ адзін тып выплатаў, прывязаных да БПМ, зьвязаны зь дзецьмі. Выплаты будуць такія:

  • штомесяц на першае дзіця да 3 гадоў — 376,11 р;
  • на другое і наступнае дзіця да 3 гадоў — 429,84 р;
  • на дзіця-інваліда да 3 гадоў — 483,57 р;
  • на старэйшых за 3 гады са спэцыяльных катэгорыяў сем’яў — 115,46 р;
  • на старэйшых за 3 гады дзяцей-інвалідаў — 161,64 р;
  • штомесяц на догляд дзіцяці І і ІІ групы страты здароўя да 18 гадоў, а таксама на ІІІ і ІV групу да 3 гадоў — 230,91 р;
  • на дзіця ІІІ і IV групы страты здароўя пасьля 3 гадоў — 277,09 р;
  • на дзіця да 18 гадоў, інфікаванае ВІЧ — 161,64 р.
  • аднаразова пры нараджэньні першага дзіцяці — 2309,1 р;
  • другога і наступнага — 3232,74 р;
  • пры пастаноўцы на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці — 230,91 р.

Камісіі ў банкаматах

«Беларусбанк» павялічвае ў сваіх банкаматах камісіі ды іншыя спагнаньні. Цяпер будзе так:

  • за здыманьне грошай з карткі «Беларусбанку» ў банкамаце іншага банку — 2,5% ад сумы (без уліку камісіяў іншых банкаў);
  • за залічэньне безнаяўных грошай у замежнай валюце — 1,5% ад сумы;
  • за плацеж па рэквізытах дыстанцыйнага абслугоўваньня — 0,75 р;
  • за прагляд балянсу ў чужых банкаматах — 1 беларускі рубель, 35 расейскіх або 0,5 «адзінкі валюты» іншых краінаў у банках-рэзыдэнтах; 1,5 беларускага рубля, 45 расейскіх або 0,8 «адзінкі валюты» ў нерэзыдэнтаў.

Цыгарэты

Як і кожны месяц, падвышаюцца цэны на некаторыя цыгарэты — на 5–10 капеек за пачку. У прыватнасьці, даражэюць некаторыя цыгарэты марак Camel, Dunhill, Kent, Pall-Mall, Rothmans і ўсе цыгарэты кампаніі «Энэрга-Оіл» — L&M, Parliament, Marlboro.

А яшчэ

Зьніжаюцца экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты. Мяняюцца таксама цэны на прыродны газ для вытворцаў вырабаў з паперы і форма справаздач 1-сх (КФК) для сялянскіх і фэрмэрскіх гаспадарак, стандарты безбар’ернага асяродзьдзя і парадак рэгістрацыі мэдыцынскай тэхнікі.

1–14 жніўня будзе закрыты адзін з выхадаў са станцыі менскага мэтро «Няміга» (паўднёвы, з боку Верхняга гораду), 1–9 жніўня — адзін з выхадаў са станцыі «Партызанская», 12–16 зачыняць яшчэ адзін (першы — за гатэлем «Турыст», другі — справа ад яго). Гэта зьвязана з рамонтам на станцыях. Ад 27 ліпеня і да 10 жніўня зачынены выхад са станцыі «Плошча Леніна», што з боку плошчы Незалежнасьці. Гэта ўжо робяць у сувязі з будаўніцтвам трэцяй лініі мэтро.

Са жніўня пачынаецца чарговы прызыў у войска, які пройдзе ўжо паводле новых правілаў, што набудуць моц з 9 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG