Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня важна, хто піша ў «Твітэр». Швэдзкі прэм’ер адмовіўся абмяркоўваць з Трампам затрыманьне амэрыканскага рэпэра


Стэфан Лёвэн

Прэм’ер-міністар Швэцыі Стэфан Лёвэн лічыць, што ён не павінен абмяркоўваць з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам затрыманьне ў Стакгольме за бойку вядомага амэрыканскага рэпэра Эйсапа Рокі.

Пра гэта ён заявіў у панядзелак у інтэрвію швэдзкай газэце, упершыню камэнтуючы сваю тэлефонную размову з гаспадаром Белага дома 20 ліпеня.

«Я вельмі ясна даў зразумець, што швэдзкая судовая сыстэма не падлягае абмеркаваньню, гэта незалежная судовая сыстэма, і не мае значэньня, хто тэлефануе або піша ў „Твітэр“. Я ганаруся існуючай у Швэцыі прававой сыстэмай, у якой кіраўнік кабінэта ня можа ўплываць на судовае разьбіральніцтва, — адзначыў Лёвэн. — У мяне няма прычын уступаць у дыялёг з Трампам з гэтай нагоды».

Сусьветная зорка рэпу Эйсап Рокі быў арыштаваны пасьля канцэрта на фэстывалі хіп-хопа «Smash» на стадыёне ў Стакгольме, бойка адбылася 30 чэрвеня. Швэдзкая пракуратура прыняла ў чацьвер рашэньне вылучыць супраць Рокі і двух удзельнікаў бойкі абвінавачваньні па падазрэньні ў зьбіваньні, судовыя слуханьні пачнуцца ў аўторак 30 ліпеня. Па вэрсіі рэпэра, ён невінаваты, на яго быў учынены напад і ён быў вымушаны абараняцца.

Прэзыдэнт Дональд Трамп 20 ліпеня абмеркаваў пытаньне затрыманьне з прэмʼер-міністрам Швэцыі і заявіў, што гатовы асабіста паручыцца за Рокі. Трамп таксама выказаў незадавальненьне ў сувязі зь бязьдзейнасьцю прэмʼера адносна вырашэньня сытуацыі вакол Рокі і заклікаў швэдзкія ўлады адпусьціць рэпэра на волю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG