Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі самы бязьлітасны эксплюататар працоўных — гэта дзяржава, — прафсаюзны лідэр


Першамай-2018

Госьць «Інтэрвію тыдня» — старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. Ён ацэньвае станоўчыя і нэгатыўныя бакі новага Працоўнага кодэксу, адказвае на пытаньне, ці будуць прадпрыемствы «гандляваць» працаўнікамі як прыгоннымі сялянамі, і тлумачыць, на чым грунтуецца авантурызм беларускай улады — бо ёй «паперла».

Сьцісла

  • Сыстэма кароткатэрміновых кантрактаў фармуе ў працоўных страх, безыніцыятыўнасьць і пакорлівасьць.
  • Такога бяспраўя працоўных, як у Беларусі, нельга сабе ўявіць у іншых краінах.
  • Сыстэма кароткатэрміновых кантрактаў сфармавала «прыгонных», а цяпер імі ўжо можна і «гандляваць» на паўгода, перадаючы іншаму наймальніку.
  • Беларусь пераўтвараюць у краіну часовай занятасьці. Але ўсё кепскае вельмі заразнае.

У новым Кодэксе канчаткова ўзаконеная сыстэма кароткатэрміновых кантрактаў

— Аляксандар Лукашэнка падпісаў новую вэрсію Працоўнага кодэксу — папраўкі, якія былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў. Які галоўны сэнс гэтых зьменаў? Ці былі яны накіраваныя на павялічэньне правоў працоўных, ці, хутчэй, варта казаць пра адваротны працэс?

— Працоўны кодэкс, як і любы закон, павінен разьвівацца, ён не статычны. Туды трэба ўносіць зьмены, бо сытуацыя на рынку працы імкліва зьмяняецца. Тое, што там зьявіліся навэлы, якія сталі адказам на патрабаваньне часу — гэта станоўча, бо апошні раз Кодэкс мяняўся недзе ў сярэдзіне нулявых.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Тое, што зьявілася паняцьце дыстанцыйнай працы, тое, што тата цяпер можа ісьці ў адпачынак (за свой кошт, дарэчы) па доглядзе за дзіцем — гэта станоўча, і нават апанэнт рэжыму не павінен гэтага адмаўляць.

Але ёсьць адваротны бок мэдаля, які, з нашага пункту гледжаньня, перакрэсьлівае ўсё станоўчае, што там было зроблена. Дарэчы, адпачатку працэс ішоў такім чынам, што асобна выпрацоўваліся зьмены ў Працоўны кодэкс, і асобна ішоў працэс, каб у Кодэкс перанесьці нормы дэкрэтаў прэзыдэнта аб часовых кантрактах і звальненьні працоўных. І на тым этапе большасьць экспэртаў, нават дзяржаўных, нэгатыўна выказвалася пра гэтыя спробы. Але ў далейшым два гэтыя праекты аб’ядналі.

— Відавочна, нягледзячы на думку экспэртаў, пайшла палітычная замова на тое, каб узмацніць менавіта беларускую сыстэму кароткатэрміновых кантрактаў.

— Вы абсалютна маеце рацыю. Тут была спроба прапаганды высунуць наперад тыя станоўчыя моманты, якія былі ўнесеныя. Але тое, што ў новым кодэксе канчаткова ўзаконеная сыстэма кароткатэрміновых кантрактаў — гэта самае нэгатыўнае, што магло адбыцца ў сфэры працоўных адносінаў.

Нідзе, ні ў якіх краінах ніхто ня робіць кароткатэрміновыя кантракты правілам, заўсёды гэта было выключэньнем. Толькі ў Беларусі гэта зрабілі правілам, і гэта будзе мець самыя нэгатыўныя наступствы — і для працаўнікоў, і для дзяржавы.

Для працаўнікоў — бо ўзаконеная прымусовая праца, людзі ня могуць звальняцца, бо знаходзяцца на ланцугу кароткатэрміновых кантрактаў. Для дзяржавы — бо яна ня можа задзейнічаць чалавечы фактар. Бо гэтая сыстэма кароткатэрміновых кантрактаў ніякага дачыненьня да эканомікі ня мае, яна мае дачыненьне да палітыкі. Яна фармуе ў працоўных страх, безыніцыятыўнасьць і пакорлівасьць.

— Таксама цікавае новаўвядзеньне, што працаўнікоў наймальнікі могуць пераводзіць на іншую працу, да іншых наймальнікаў, на тэрмін да 6 месяцаў. Гэта як памешчыкі гандлявалі сваімі прыгоннымі сялянамі?

— Беларуская прапаганда і Фэдэрацыя прафсаюзаў увесь час цьвердзіла, што мы адзіная краіна, якая ня мае так званай пазыковай працы. І што гэтая заганная сыстэма гандлю працоўнымі недапушчальная і ёй ня будзе месца ў Беларусі. Але раптам аказалася, што без усялякіх алігархаў гэтая сыстэма ў Беларусі зьмянілася.

Глябалізацыя мяняе рынак працы, і мы не выключэньне. Але калі ўлічыць, што ў Беларусі дзяржава — галоўны і часам адзіны працадаўца, можна ўявіць, якія могуць быць наступствы. Таму, я думаю, гэты жарт пра памешчыкаў — горкі жарт, якія можа стаць рэальнасьцю. Мы і так увесь час кажам, што сыстэма кароткатэрміновых кантрактаў сфармавала «прыгонных», а цяпер імі ўжо можна і «гандляваць» на паўгода, перадаючы іншаму наймальніку.

Такога бяспраўя працоўных, як у Беларусі, нельга сабе ўявіць у іншых краінах

— Традыцыйна прафсаюзы цягам сваёй гісторыі змагаюцца з «капіталам», які можа дзеля прыбытку парушаць правы працоўных. Але так атрымліваецца, што ў Беларусі больш за іншых парушае правы працоўных дзяржава?

— Я думаю, што каб у гэтым пераканацца, дастаткова вярнуцца ў савецкія часы. Гэты быў узор эксплюатацыі. І цяпер няма больш бязьлітаснага эксплюататара за дзяржаву. Бо дзяржава — гэта не безасабовы монстар. Чыноўнікі на ўсіх узроўнях, у тым ліку на прадпрыемствах, распараджаюцца лёсам працоўных ад імя дзяржавы. Але пры гэтым ніякай асабістай адказнасьці за лёс гэтага прадпрыемства не нясуць.

Афіцыйныя прафсаюзы 1 траўня 2018
Афіцыйныя прафсаюзы 1 траўня 2018

У той час, калі працадаўца усім рызыкуе, ён зацікаўлены непасрэдна, каб усё было ў парадку і з працаўнікамі. І паколькі ў Беларусі так і не зьявіўся ўласьнік, паколькі галоўны ўласьнік — дзяржава, то мы павінны разважаць пра звышэксплюатацыю з боку дзяржавы, якая акурат і праявілася ў зьменах у Працоўны кодэкс.

Беларускі Працоўны кодэкс — гэта мара любога нэалібэрала. Бо такіх жорсткіх умоваў для працоўных, такога бяспраўя нельга сабе ўявіць у іншых краінах. Нават у параўнаньні з Расеяй гэта неба і зямля.

— Многія сьцьвярджаюць, што беларускіх чыноўнікаў адзінае, што можа стрымаць — гэта пагроза крытыкі і санкцыяў з боку Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Але яны імкнуцца так пісаць законы, каб тыя фармальна не падпадалі пад парушэньне нормаў МАП. Як вы лічыце, ці трапіць гэтая вэрсія працоўнага Кодэксу пад крытыку міжнародных структураў?

— Беларуская ўлада дастаткова авантурная — гэта агульнавядома. Але цяпер гэты авантурызм грунтуецца і на тым, што «паперла». «Паперла» ў геапалітыцы — і Эўразьвяз, і ЗША шмат на якія рэчы закрываюць вочы.

Гэта абсалютна не азначае, што МАП менш прынцыпова ставіцца да экспэрымэнтаў беларускай улады ў заканадаўстве. Што тычыцца сыстэмы кароткатэрміновых кантрактаў, то самі па сабе яны — цывілізаваная форма найму. Яны распаўсюджаныя ва ўсім сьвеце. Экспэртам МАП цяжка ўсьвядоміць, што менавіта празьмернае распаўсюджваньне гэтых кантрактаў цягне за сабой парушэньне правоў працоўных.

Мы зь імі працуем, і з часам зьяўляецца разуменьне, што з гэтым прэцэдэнтам трэба вельмі сур’ёзна разьбірацца. Бо Беларусь ператвараюць у краіну часовай занятасьці. Але справа ў тым, што ўсё кепскае вельмі заразнае. Ніхто не гарантуе, што ўсьлед за Беларусьсю ня знойдуцца спрытнюгі, якія захочуць пераняць гэты досьвед. І на сур’ёзнасьць такіх наступстваў мы будзем зьвяртаць увагу, каб жорстка спыніць практыкі прымусовай працы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG