Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У канфлікце са стралянінай на мяжы Таджыкістану і Кіргізстану пацярпелі 26 чалавек


На мяжы Таджыкістану і Кіргізстану, 23 ліпеня 2019 году
На мяжы Таджыкістану і Кіргізстану, 23 ліпеня 2019 году

16 грамадзянаў Кіргізстану і 10 грамадзянаў Таджыкістану пацярпелі ў выніку канфлікту на мяжы дзьвюх краін. Пра гэта паведамляюць Таджыцкая і Кіргізская службы Радыё Свабода. Адзін чалавек загінуў.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 22 ліпеня ў таджыцкім сяле Варух, разьмешчаным у анкляве ўнутры тэрыторыі Кіргізстану. Страляніна пачалася пасьля таго, як жыхары вёскі ўсталявалі на ўезьдзе флягшток, паведамляе памежная служба Кіргізстану. Агонь быў адкрыты цывільнымі асобамі з паляўнічых стрэльбаў, сьцьвярджаюць там.

Таджыцкі бок сьцьвярджае, што агонь быў адкрыты з боку жыхароў Кіргізстану. Паводле дадзеных МУС краіны, у выніку загінуў адзін чалавек, яшчэ адзін чалавек — падпалкоўнік таджыцкай міліцыі — быў паранены. Усяго пацярпелі 10 грамадзянаў краіны, тры атрымалі агнястрэльныя раненьні, сем — закіданыя камянямі. З боку Кіргізстану параненыя 15 чалавек, у тым ліку супрацоўнік міліцыі і памежнік. 12 паступілі ў шпіталь з агнястрэльнымі раненьнямі, трое — з траўмамі ад камянёў.

У аўторак, 23 ліпеня, страляніна ў зоне канфлікту аднавілася, перадае карэспандэнт Радыё Свабода зь месца падзеяў. Паранены адзін памежнік. У рэгіёне ўзмоцненыя падразьдзяленьні кіргіскай памежнай службы, вядуцца перамовы аб дээскаляцыі канфлікту.

Працягласьць мяжы Кіргізстану з Таджыкістанам складае 970 кілямэтраў, з іх толькі 519 кілямэтраў узгодненыя паміж дзьвюма краінамі, адзначае Кіргіская служба Радыё Свабода. На спрэчных участках рэгулярна адбываюцца канфлікты паміж насельніцтвам за ваду, пашу і зямлю.

Канфлікт на мяжы адбыўся незадоўга да візыту прэзыдэнта Кіргізстану ў Таджыкістан, дзе, у тым ліку, мелася абмяркоўвацца сытуацыя зь недэмаркаванай мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG