Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчынку, якую маці пабіла малатком, перавялі з рэанімацыі


Ілюстрацыйнае фота

Васьмігадовая дзяўчынка, якую маці некалькі разоў ударыла малатком па галаве, ідзе на папраўку, яе жыцьцю нічога не пагражае, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на кіраўніка Рэспубліканскага цэнтру дзіцячай нэўрахірургіі Міхаіла Талабаева.

Дзіцяці зрабілі апэрацыю і ўжо перавялі з аддзяленьня рэанімацыі ў нэўрахірургію. Зь ёй цяпер працуюць псіхатэрапэўты.

Псыхічны і фізічны стан маці вызначаць мэдыкі.

21 ліпеня менскім праваахоўнікам паступіла паведамленьне пра біцьцё дзіцяці: паводле сьледчых, 38-гадовая жанчына ў кватэры на вуліцы Налібацкай некалькі разоў ударыла малатком 8-гадовую дачку.

Паводле сьледчых:

  • дзяўчынка была шпіталізаваная ў вельмі цяжкім стане;
  • жанчыну спыніў бацька дзяўчынкі, які кажа, што падчас зьбіваньня быў у суседнім пакоі і пачуў крыкі;
  • падазраваную затрымалі і зьмясьцілі ў РНПЦ псыхічнага здароўя для абсьледаваньня;
  • у дачыненьні яе распачалі крымінальную справу за «прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў заведама малалетняму» (ч. 2 арт.147, што прадугледжвае пакараньне ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі).

Як расказала Свабодзе прэс-сакратарка Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова, наконт жанчыны ад блізкіх сваякоў і да інцыдэнту паступалі просьбы аб мэдыцынскай дапамозе ў сувязі з асаблівасьцямі яе паводзінаў. Таксама стала вядома, што затрыманая мае яшчэ дзяцей старэйшага ўзросту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG