Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: Расейская «Транснефть» хоча падмешваць брудную нафту у чыстую


Ілюстрацыйнае фота. На нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу
Ілюстрацыйнае фота. На нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу

Расейская трубаправодная кампанія «Транснефть» плянуе пачаць падмешваць нафту з высокай колькасьцю хлёрарганікі ў чыстыя патокі з наступнага тыдня, каб паступова ачысьціць сыстэму нафтаправодаў, паведамляе Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы ў галіне.

На нарадзе ў Мінэнэрга Расеі 16 ліпеня нафтакампаніі і «Транснефть» не змаглі знайсьці кампраміс у магчымых варыянтах ачысткі трубаправоднай сыстэмы ад забруджанай нафты, паведамілі Reuters чатыры крыніцы ў нафтавых кампаніях, знаёмыя з дэталямі сустрэчы.

Паводле крыніц, на нарадзе «Транснефть» прапанавала кампаніям схему паступовага падмешваньня некандыцыйнай нафты ў чысты паток.

Падмешваць брудную сыравіну «Транснефть» плянуе з наступнага тыдня, што прывядзе да зьмены якасьці нафты Urals з адгрузкай з партоў Наварасійск, Усьць-Луга і Прыморск, а таксама ў сыравіне, якую адгружаюць на НПЗ у цэнтральнай частцы Расеі. Павышаная насычанасьць хлёрарганікай захаваецца сама меней да сярэдзіны 2020 году, а можа зацягнуцца і да 2021-га, дадалі крыніцы.

Нафтакампаніі Расеі не пагадзіліся з прапанаванай схемай, бо, на іх думку, рост насычанасьці нафты арганічнымі хлярыдамі нэгатыўна адаб'ецца на яе цане, а таксама запатрабуе дадатковых тэхнічных рашэньняў ад НПЗ. Паводле адной з крыніц, цяпер кампаніі прадумваюць альтэрнатыўныя варыянты вырашэньня праблемы, якія хочуць прапанаваць Мінэнэрга. Напрыклад, «гэтую нафту можна прадаць са зьніжкай, ахвотнікаў знойдзецца нямала», — кажа крыніца.

Тым ня менш яшчэ адна крыніца ў нафтавай кампаніі РФ адзначае, што схема ачысткі трубаправодаў ужо ўзгодненая «Транснефтью» і Мінэнэрга, і, паколькі павышэньне насычанасьці хлёрарганікай знаходзіцца ў рамках гранічных значэньняў тэхрэглямэнту ЭАЭС, пляны «Транснефти» наўрад ці зьменяцца.

У красавіку ў Беларусь з Расеі паступіла няякасная нафта, пасьля гэтага транзыт нафты ў Эўропу праз трубаправод «Дружба» быў прыпынены. Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы вымушаныя былі прыпыніць экспарт нафтапрадуктаў. На мінулым тыдні ў Палаце прадстаўнікоў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка паведаміў журналістам, што праз брудную расейскую нафту Беларусь у красавіку–чэрвені недаатрымала 630 тысяч тон нафты. Чакаецца, што выпампаваць няякасную нафту на тэрыторыю Расеі ўдасца да 15 жніўня.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG