Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Востраў, куды пасылаюць ляўрэатаў Гедройця, швэды ператвараюць у крэпасьць


Швэдзкі вайсковы патруль у Вісьбю, 14 верасьня 2016
Швэдзкі вайсковы патруль у Вісьбю, 14 верасьня 2016

Калі б расейская марская пяхота заняла Готлянд, Крэмль кантраляваў бы ўсю Балтыку. Чаму Швэцыя зноў ператварае гэтую стратэгічную выспу ў крэпасьць? Адказ на гэтае пытаньне шукае Барташ Вялінскі з wyborcza.pl.

Два тыдні таму ў порце Вісьбю, найбольшым горадзе на востраве Готлянд, з вайсковага транспартнага судна выехаў грузавік з прычэпам. Над аўтамабілем, калі ён запаркаваўся на беразе, узьнялася дваццацімэтровая антэна. Прычэп адчапілі і запаркавалі паблізу. Грузавік — гэта аснашчаны радарам з радыюсам дзеяньня 400 км цэнтар кіраваньня агнём батарэі супрацьпаветраных ракет BAMSE. Пускавая ўстаноўка з шасьцю снарадамі кароткага дасягу месьціцца на прычэпе.

Расея можа кантраляваць усю Балтыку

Готлянд, найбольшы швэдзкі востраў у Балтыйскім моры, разьмешчаны за 130 км ад узьбярэжжа Латвіі, за 220 км ад Калінінграду, мае стратэгічнае значэньне. Зь яго можна кантраляваць усю Балтыку і бачыць кожны рух расейскага Балтыйскага флёту, калі б той захацеў распачаць дзеяньні супраць Польшчы, Даніі або Нямеччыны.

Таму ва ўсіх расейскіх сцэнарах нязьменна прадбачаўся рэйд расейскай марской пяхоты на гэты востраў і выключэньне яго з гульні адным ударам.

Расейская авіяцыя падчас манэўраў, якія адбываліся яшчэ да пачатку ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, набліжалася да Готлянду і сымулявала ўдары па швэдзкіх аб’ектах. У такіх вучэньнях бралі ўдзел таксама стратэгічныя бамбавікі Ту-22М, аснашчаныя ракетамі зь ядзернымі боегалоўкамі. Экспэрты не сумняваліся, што расейцы плянавалі таксама ядзерны ўдар па Швэцыі, каб выключыць яе з гульні ў Балтыцы.

Швэцыя адбудоўвае войска

Пасьля заканчэньня «халоднай вайны» Швэцыя пасьлядоўна скарачала выдаткі на абарону і зьмяншала збройныя сілы. У 2005 годзе Готлянд пакінулі апошнія салдаты.

Калі васьмю гадамі пазьней генэралы ўзьнялі трывогу, што Швэцыя з гэтак абрэзанымі збройнымі сіламі будзе ня ў стане абараняцца нават тыдзень, тыя перасьцярогі не зрабілі на грамадзтва вялікага ўражаньня. Аднак калі Расея адарвала ад Украіны Крым і Данбас, Стакгольм усьвядоміў сур’ёзнасьць сытуацыі. Тым больш, што расейскія правакацыі ў Балтыцы зрабіліся штораз часьцейшыя, а ў швэдзкія тэрытарыяльныя воды паблізу Стакгольму заплыла замежная, найпраўдападобней расейская субмарына. Да таго ж расейцы распачалі гібрыдную апэрацыю ў кібэрпрасторы з мэтай падарваць давер швэдаў да Захаду і сапсаваць дачыненьні краіны з NATO.

Але гэтыя дзеяньні Расеі мелі супрацьлеглы эфэкт: Швэцыя вырашыла адбудаваць войска. У 2017 годзе быў уведзены вайсковы прызыў, а на Готлянд вярнуліся салдаты. Да 2020 году на Готляндзе будуць разьмешчаныя некалькі соцень вайскоўцаў і бронетэхніка, якія былі у стане супрацьстаяць дэсанту. Над востравам рэгулярна лётаюць вайсковыя самалёты-зьнішчальнікі. Цяпер яшчэ ўзмацнілася і супрацьпаветраная абарона.

Экспэрты студзяць энтузіязм вайскоўцаў, бо прывезеныя на палубе транспартных суднаў ракеты BAMSE даслоўна выцягнулі з антыкварыяту.

Ракеты, здольныя зьбіваць самалёты і кіраваныя снарады на адлегласьці 20 км, былі вырабленыя швэдзкімі канцэрнамі Bofors і Ericsson пад канец «халоднай вайны». Яны ўвайшлі ва ўжытак у 1990-я гады, калі выявілася, што яны ў прынцыпе непатрэбныя, бо СССР распаўся і перастаў пагражаць Швэцыі.

Ракеты схавалі ў склады. Іх выцягнулі адтуль, бо пасьля агрэсіі Расеі ва Ўкраіне сытуацыя зьмянілася. Старое ўзбраеньне мае вартаваць неба вакол Готлянду, пакуль іх не заменяць батарэі супрацьпаветраных снарадаў тыпу Patriot, якія Швэцыя мае намер купіць у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG