Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За хабар асудзілі былога гендырэктара і кіраўніка службы бясьпекі заводу «Аптрон»


Ілюстрацыйнае фота

16 ліпеня суд Першамайскага раёну Менску вынес прысуд былому генэральнаму дырэктару і начальніку службы бясьпекі і аховы ААТ «Прыборабудаўнічы завод „Аптрон“», паведаміла прэс-служба суду.

Былога гендырэктара «Аптрону» асудзілі на 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, прызнаўшы яго вінаватым у атрыманьні хабару ў буйным памеры, у тым ліку шляхам вымаганьня.

Былы начальнік службы бясьпекі «Аптрону» асуджаны на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у дапамаганьні ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, бо «садзейнічаў злачынству парадамі, указаньнямі, даваньнем інфармацыі і іншай дапамогай», гаворыцца ў прэс-рэлізе суду.

Пра затрыманьне гендырэктара «Аптрона» стала вядома 13 лютага: яго злавілі на гарачым у момант атрыманьня хабару 23 100 даляраў. Паводле апэратыўнікаў, гэта была пятая частка сумы, якую «патрабаваў кіраўнік выключна ў замежнай валюце».

Паводле сьледзтва, гендырэктар атрымаў грошы ад прадстаўніка камэрцыйнай арганізацыі за вырашэньне пытаньня аб выдачы дакумэнтаў на набыцьцё нерухомасьці заводу. Падначаленым кіраўнік загадаў дзейнічаць у інтарэсах камэрцыйнай арганізацыі, зьвязаных з вызваленьнем ад аплаты НДС у памеры 380 тысяч беларускіх рублёў.

На наступны дзень стала вядома і пра затрыманьне начальніка службы бясьпекі і аховы «Аптрону».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG