Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які фантан хоча паставіць у цэнтры Менску расейскі «Сбербанк». ФОТА


Фота прэс-службы «БПС-Сбербанк»

Мультымэдыйны сьвятломузычны фантан, абяцаны кіраўніком расейскага «Сбербанку» Германам Грэфам, запусьцяць у Менску ў 2020 годзе. 16 ліпеня адбылася цырымонія закладкі памятнага знака, якім абазначаны пачатак будаўніцтва фантану, паведамляе прэс-служба «БПС-Сбербанк».

Фантанны комплекс зьявіцца ў акваторыі ракі Сьвіслач побач са сквэрам Янкі Купалы, урачыстае адкрыцьцё заплянавана на 2020 год.

Ён будзе выкананы ў форме прастакутніка памерам 90×16 мэтраў. Праектам прадугледжана 199 струменяў, якія дасягаюць вышыні 30 мэтраў і фармуюць розныя эфэкты: бягучую дарожку з 92 фарсункаў; бакавыя дугі; струмені, якія круцяцца і паварочваюцца; вееры, лілеі і водны экран для трансьляцыі мультымэдыйнага шоў.

Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран (зьлева) і намесьнік старшыні праўленьня «Сбербанку» Аляксандар Вядзяхін падчас цырымоніі закладкі памятнага знака 16 ліпеня
Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран (зьлева) і намесьнік старшыні праўленьня «Сбербанку» Аляксандар Вядзяхін падчас цырымоніі закладкі памятнага знака 16 ліпеня

Пра тое, што Сбербанк да наступнага афіцыйнага Дня Незалежнасьці на просьбу Лукашэнкі пабудуе ў Менску сьвятломузычны адукацыйны фантан, расказаў 16 ліпеня старшыня праўленьня «Сбербанка Росии» Герман Грэф пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску. Паводле Грэфа, «Сбербанк» «прыдумаў новую тэхналёгію злучэньня сьвятла, гуку, вады і малюнкаў з адукацыйнай функцыяй», які адпавядае новаму сусьветнаму трэнду еdutainment (тэрмін, складзены з ангельскіх словаў «education» (адукацыя) і «entertainment» (забаўка)).

Першы такі фантан за сродкі «Сбербанку» зьявіўся у 2018 годзе ў Пецяргофе. Цяпер па ўсёй Расеі працуюць 7 падобных фантанаў — у Саратаве, Пецяргофе, Яраслаўлі, Калінінградзе, Уладзіміры, Разані і Варонежы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG