Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ЗША асудзіла «расісцкія камэнтары» Трампа


Чатыры дэпутаткі, якія сталі аб’ектамі крытыкі Трампа, 15 ліпеня 2019 году
Чатыры дэпутаткі, якія сталі аб’ектамі крытыкі Трампа, 15 ліпеня 2019 году

Ніжняя палата Кангрэсу Злучаных Штатаў 16 ліпеня ўхваліла рэзалюцыю з асуджэньнем «расісцкіх камэнтароў» прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Рэзалюцыю падтрымалі 235 прадстаўнікоў дэмакратычнай партыі, чатыры рэспубліканцы і адзін беспартыйны пры 187 галасах супраць.

Рэзалюцыя носіць хутчэй сымбалічны характар: яна яшчэ мае прайсьці ўхваленьне ў верхняй палаце (Сэнаце ЗША), а там большасьць мае Рэспубліканская партыя, якая падтрымлівае Трампа.

Тэкст рэзалюцыі «рашуча асуджае расісцкія заявы прэзыдэнта Дональда Трампа, якія ўзаконілі і ўзмацнілі страх перад новымі амэрыканцамі і прадстаўнікамі нябелага насельніцтва, а таксама нянавісьць да іх».

Сэрыя твітаў Трампа, якая зьявілася раніцай 14 ліпеня, была накіраваная на групу з чатырох дэпутатак прагрэсіўнага крыла Дэмакратычнай партыі. Трамп заклікаў іх «вярнуцца» ў краіны, адкуль яны прыехалі, і дапамагчы выправіць тыя «заражаныя злачыннасьцю» дзяржавы, хоць толькі адна зь іх нарадзілася за межамі ЗША.

На крытыку тых твітаў Трамп адказаў, што яго не хвалюе, што ягоныя камэнтары нехта лічыць расісцкімі — сам ён іх такімі ня лічыць.

«Калі каму-небудзь нешта не падабаецца ў нашай краіне, калі хтосьці ня хоча знаходзіцца ў нашай краіне, ім варта зьехаць», — заявіў прэзыдэнт ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG