Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі дасюль ня ведае афіцыйных прычынаў затрыманьня беларусаў у Тунісе


Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг Тунісу

МЗС Беларусі дагэтуль не атрымліваў ад туніскага боку афіцыйнага паведамленьня аб прычынах затрыманьня беларускіх грамадзян у Тунісе, расказалі TUT.BY у замежнапалітычным ведамстве.

«У нас ёсьць рабочая інфармацыя пра тое, што ў Тунісе затрымалі двух грамадзян Беларусі. Консульская служба з гэтымі зьвесткамі актыўна працуе. Ніякія афіцыйныя паведамленьні аб прычынах ці іншых аспэктах затрыманьня да гэтага часу намі не атрыманыя», — распавялі ў МЗС.

У пачатку ліпеня туніскія СМІ паведамілі пра затрыманьне двух беларусаў на ўсходзе Тунісу праз падазрэньне ў шпіянажы, за што ў Тунісе прадугледжваецца ў тым ліку і сьмяротнае пакараньне.

Затрыманьне адбылося ў Сфаксе — другім паводле колькасьці насельніцтва горадзе краіны, які знаходзіцца на беразе Міжземнага мора. Беларусы спыніліся ў гатэлі, не дазволілі пэрсаналу заходзіць у іхны нумар, што выклікала падазрэньні. Пасьля двух тыдняў назіраньняў за імі пракуратура атрымала ордэр на ператрус. Паводле туніскіх СМІ, у беларусаў канфіскавалі пашпарты Мальдываў, Польшчы і Ўкраіны, а таксама «сучаснае электроннае абсталяваньне». Ідзе сьледзтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG