Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не падабаецца — едзьце назад». Трамп адказаў на крытыку твітаў пра чатырох дэпутатак


Дональд Трамп, архіўнае фота

Чатыры дэпутаткі Кангрэсу Злучаных Штатаў, якіх прэзыдэнт Дональд Трамп згадваў у нядзельных твітах, далі прэс-канфэрэнцыю, а сам Трамп адказаў на крытыку напісанага ім, расказвае «Голас Амэрыкі».

Сэрыя твітаў Трампа, якая зьявілася раніцай 14 ліпеня, была расцэненая крытыкамі як расісцкая і ксэнафобская, а прэм’ерка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй назвала іх «абсалютна непрымальнымі».

Кажучы пра жанчын-заканадаўцаў, якія належаць да прагрэсіўнага крыла Дэмакратычнай партыі, Трамп заклікаў іх «вярнуцца» ў краіны, адкуль яны прыехалі, і дапамагчы выправіць тыя «заражаныя злачыннасьцю» дзяржавы. Пры тым з чатырох згаданых у твітах толькі адна — Ільган Амар — нарадзілася за межамі ЗША, у Самалі.

Ільган Амар, архіўнае фота
Ільган Амар, архіўнае фота

«Ён пачынае відавочна расісцкую атаку на чатырох законна выбраных чальцоў Палаты прадстаўнікоў Злучаных Штатаў, усе зь якіх зьяўляюцца нябелымі жанчынамі, — адзначыла Амар. — Гэта парадак дня белых нацыяналістаў».

Іншая згаданая Трампам дэпутатка Рашыда Тлейб заклікала кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў зрабіць захады для імпічмэнту прэзыдэнта.

Крытыкавалі Трампа і некаторыя ягоныя супартыйцы-рэспубліканцы: так, дэпутат Фрэд Аптан заявіў, што твіты прэзыдэнта «адкрыта некарэктныя і недарэчныя», а сэнатар Пэт Тумі — што Трамп ня меў рацыі, бо грамадзянства чатырох дэпутатак мае законную сілу, ня меншую за ягонае. Сэнатар Ліндсі Грэм, які часта выступае ў абарону Трампа, заявіў пра нязгоду з дэпутаткамі, якіх назваў «кучкай камуністаў», але адзначыў, што прэзыдэнту трэба «быць вышэй» і казаць пра іхную палітыку, а не асобы.

Дональд Трамп адказаў на крытыку 15 ліпеня: сказаў, што яго не хвалюе, што ягоныя камэнтары нехта лічыць расісцкімі — сам ён іх такімі ня лічыць.

«Калі каму-небудзь нешта не падабаецца ў нашай краіне, калі хтосьці ня хоча знаходзіцца ў нашай краіне, ім варта зьехаць», — заявіў Трамп.

У Twitter ён заявіў, што «радыкальна левыя кангрэсвуман» мусілі б выбачыцца перад ЗША, а таксама перад народам Ізраілю і перад ім самім за іхныя выказваньні, бо «столькі людзей злуюцца на іх і абураныя іхнымі жахлівымі і агіднымі дзеяньнямі».

«Калі дэмакраты хочуць згуртавацца вакол грубай лексыкі і расісцкай нянавісьці, якая зыходзіць ад гэтых вельмі непапулярных кангрэсвуман, якія кепска прадстаўляюць інтарэсы выбарнікаў, то цікава паглядзець, што атрымаецца, — дадаў Трамп. — Магу запэўніць вас, што празь іх Ізраілю здаецца, што ЗША ад яго адракліся».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG