Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тбілісі праціўнікі ЛГБТ сутыкнуліся з пратэстоўцамі супраць улады. Што адбылося?


GEORGIA - Police block a street as demonstrators gather in front of the Georgian parliament building in Tbilisi, Georgia, Monday, July 8, 2019

У ноч на 9 ліпеня ў Тбілісі прайшло адразу некалькі акцый пратэсту, якія маглі перарасьці ў паўнавартасныя сутыкненьні, паведамляе «Настоящее время».

Прадстаўнікі ЛГБТ зьбіраліся правесьці ў горадзе «Марш годнасьці», а іхныя праціўнікі хацелі ім перашкодзіць. Але ў выніку акцыі «за» і «супраць» ЛГБТ разьмінуліся, а праціўнікі ЛГБТ, якія сабраліся перад будынкам парлямэнту, замест удзельнікаў «Марша годнасьці» выціснулі ўдзельнікаў антыўрадавай акцыі, якія ў той вечар патрабавалі адстаўкі кіраўніка МУС Георгія Гахарыі.

Што адбылося

Падзеі разгортваліся так. Спачатку сваё шэсьце увечары 8 ліпеня ля будынка МУС правялі ЛГБТ-актывісты. Але яны досыць хутка пакінулі тэрыторыю: адзін з удзельнікаў акцыі растлумачыў, што яны не плянуюць перашкаджаць удзельнікам другога мітынгу, на якім патрабавалі адстаўкі кіраўніка МУС.

Пратэстоўцы супраць кіраўніка МУС у сваю чаргу паведамілі, што маюць намер застацца каля будынка парлямэнту і працягваць акцыю пратэсту.

Пасьля гэтага на праспэкце Руставелі зьявіліся праціўнікі ЛГБТ: у асноўным гэта былі прадстаўнікі нацыяналістычных рухаў і людзі ў расах. І хоць удзельнікаў дзьвюх акцый аддзяляў паліцэйскі кардон, і, паводле МУС, была «мабілізавана адпаведная колькасьць паліцэйскіх падразьдзяленьняў», пазьбегнуць канфлікту не ўдалося.

Акцыя ў ЛГБТ у Тбілісі 8 ліпеня
Акцыя ў ЛГБТ у Тбілісі 8 ліпеня

Плошча перад парлямэнтам на некалькі гадзін, практычна да раніцы, была падзеленая паміж дзьвюма групамі пратэстоўцаў, прычым праціўнікі аднаполых адносін заклікалі паліцыю разагнаць антыўрадавую акцыю.

На досьвітку пратэстоўцы супраць улады ўсё ж вымусілі паліцэйскіх зьняць ачапленьне. І, маючы колькасную перавагу, занялі плошчу перад парлямэнтам. Але праціўнікі ЛГБТ цяпер таксама абяцаюць штодня зьбірацца перад будынкам парлямэнту.

Тыя, хто патрабуе адстаўкі кіраўніка МУС, абвінавачваюць грузінскія ўлады ў выкарыстаньні «цітушак» (праплочаных пратэстоўцаў, якія нападалі на ўдзельнікаў пратэсту) і нагадваюць, што тымі ж самымі прыёмамі прыхільнікі Віктара Януковіча ў 2014 годзе карысталіся ва Ўкраіне падчас падзей Майдану ў Кіеве.

У МУС Грузіі тэлеканалу «Настоящее время» таксама не сталі камэнтаваць, хто паслаў да парлямэнту праціўнікаў ЛГБТ і ці выкарыстоўваюцца гэтыя арганізацыі для барацьбы з апазыцыяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG