Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнікі генштабоў войскаў Беларусі і Ўкраіны сустрэліся ў Кіеве


Начальнік Генэральнага штабу Ўкраіны, галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Руслан Хамчак, архіўнае фота

Кароткая працоўная сустрэча вайсковых начальнікаў Беларусі і Ўкраіны прайшла ў Кіеве 9 ліпеня, інфармуе Міністэрства абароны Беларусі. Па стане на раніцу 10 ліпеня ўкраінскі бок не паведамляў пра сустрэчу.

Беларусь на сустрэчы прадстаўляў начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, першы намесьнік міністра абароны Алег Белаконеў, Украіну — начальнік Генэральнага штабу, галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Руслан Хамчак, прызначаны на гэтую пасаду 21 траўня.

Нагода для сустрэчы не раскрываецца. Паводле беларускага міністэрства, «бакі абмяняліся поглядамі на стан рэгіянальнай бясьпекі, рызыкі і выклікі для кожнай з дзяржаваў», а таксама прааналізавалі «стан двухбаковай вайсковай супрацы», абмеркавалі перспектывы разьвіцьця супрацы і іншыя пытаньні.

Белаконеў абяцаў, што Беларусь будзе імкнуцца падтрымліваць добрасуседзкія стасункі і выконваць абавязкі міжнароднай супрацы і кантролю над узбраеньнямі.

У Менску тым часам пачалася рабочая сустрэча прадстаўнікоў узброеных сілаў Беларусі і Казахстану, на якой Беларусь прадстаўляе начальнік сувязі Ўзброеных сілаў Алег Мішчанка. Хто ўваходзіць у казахскую дэлегацыю, не паведамляе беларускі бок, а казахскі не паведамляе нават пра саму сустрэчу.

У Беларусі ў гэтыя дні праходзяць вучэньні сілаў радыёэлектроннай барацьбы і падрыхтоўка да расейска-беларускіх вучэньняў «Шчыт Саюзу-2019».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG