Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На нечарговых выбарах у Грэцыі перамагла апазыцыя. За што яна выступае?


Лідэр партыі «Новая дэмакратыя» Кір'якас Міцатакіс у дзень парлямэнцкіх выбараў у Грэцыі. 7 ліпеня 2019 году

Апазыцыйная партыя «Новая дэмакратыя» набірае большасьць на пазачарговых парлямэнцкіх выбарах у Грэцыі. Па выніках апрацоўкі 90% бюлетэняў «Новая дэмакратыя» атрымлівае 39,78% галасоў, а кіроўная левая кааліцыя «СІРЫЗА» — 31,56%, паведамляе ВВС.

Нягледзячы на тое, што адрыў выглядае невялікім, «Новая дэмакратыя» заваюе абсалютную большасьць, паколькі пераможца дадаткова атрымлівае 50 месцаў у парлямэнце.

Дзейны прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас, які прадстаўляе партыю «СІРЫЗА», ужо павіншаваў лідэра «Новай дэмакратыі» Кір'якаса Міцатакіса зь перамогай. Чакаецца, што ўжо 8 ліпеня Цыпрас перадасьць справы новаму лідэру краіны.

За што выступае «Новая дэмакратыя»?

Партыя абяцае зьнізіць падаткі і прыватызаваць шэраг дзяржаўных паслуг.

Грэцыя дагэтуль адчувае на сабе наступствы фінансавага крызісу 2008 году. Краіна атрымала ад міжнародных партнэраў некалькі пакетаў фінансавай дапамогі, якая афіцыйна спынілася ў жніўні 2018 году, калі ў Грэцыі пачаўся эканамічны рост. Аднак узровень беспрацоўя, асабліва сярод моладзі, працягвае заставацца высокім, і «Новая дэмакратыя» зрабіла стаўку менавіта на людзей 18-24 гадоў.

Лідэр партыі Кір'якас Міцатакіс апэляваў да таго, што пры дзейнай уладзе эканамічная сытуацыя ў Грэцыі паляпшаецца вельмі марудна.

Што стала з падтрымкай «СІРЫЗА»?

Выглядае, што функцыянэры «СІРЫЗА» зьмірыліся з паразай, пра што і паведамілі мясцовай і міжнароднай прэсе пасьля апублікавання першых экзыт-полаў.

Дзейны прэм’ер Грэцыі Алексіс Цыпрас прыйшоў да ўлады ў 2015 годзе. У свой час ён адхіліў «Новую дэмакратыю» ад улады, праводзячы актыўную кампанію супраць жорсткіх захадаў эканоміі, ад якіх грэкі пакутавалі гадамі. Аднак ужо празь некалькі месяцаў пасьля прыходу да ўлады яму давялося прыняць жорсткія ўмовы, на якіх Эўразьвяз пагадзіўся выдаць Грэцыі чарговы транш эканамічнай дапамогі. У выніку супраць Цыпраса выступілі яго аднапартыйцы, аднак тады на пазачарговых выбарах ён перамог.

З ростам беспрацоўя і пагаршэньнем стану эканомікі Грэцыі папулярнасьць «СІРЫЗА» паступова стала падаць. Пасьля таго, як партыя няўдала выступіла на мясцовых і эўрапейскіх выбарах у траўні, Цыпрас абвясьціў пазачарговыя выбары ў парлямэнт.

Хто яшчэ праходзіць у парлямэнт?

Цяпер зразумела, што ў парлямэнт таксама праходзіць сацыял-дэмакратычная партыя «Рух за перамены», якая набірае 8,3% галасоў, а таксама Камуністычная партыя — у яе 5,3%.

Нацыяналістычная партыя «Грэцкае рашэньне» і рух «За дэмакратыю ў Эўропе-2025», левая партыя экс-міністра фінансаў Грэцыі Варуфакіса, падобна, таксама пераадолеюць трохпрацэнтны бар’ер: яны набіраюць 3,4% і 3,7% галасоў адпаведна.

Ультраправая партыя «Залатая зара» не набірае 3%, неабходных для таго, каб трапіць у парлямэнт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG