Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікеты ў абарону сясьцёр Хачатур’ян ў Маскве пачаліся з затрыманьняў


Падчас аднаго з судовых паседжаньняў.

У Маскве на Балотнай плошчы затрымалі ўдзельніцу адзіночнага пікету ў абарону сясьцёр Хачатур’ян. Валянціну Лузанаву забралі ў паліцыю пасьля таго, як да яе падышлі ўдзельнікі руху «Мужчынская дзяржава». Адзін зь іх стаў побач з актывісткай, разгарнуўшы плякат «Сёстры Хачатур’ян — забойцы».

Паводле дадзеных «ОВД-Инфо», удзельніка «Мужчынскай дзяржавы» затрымалі разам з Лузанавай.

У Маскве ў суботу праходзяць адзіночныя пікеты. Іх ўдзельнікі ня толькі выступаюць у абарону сясьцёр Хачатур’ян, якія абвінавачваюцца ў забойстве бацькі, але і адстойваюць інтарэсы ахвяраў хатняга гвалту ў Расеі.

Актывісты, якія лічаць, што сёстры Хачатур’ян павінны быць строга пакараныя, таксама ўжо праводзілі пікеты. Паведамлялася, што рух «Мужчынская дзяржава» зьбіраецца сарваць сёньняшнія акцыі.

Узгадніць масавае мерапрыемства ў падтрымку сясьцёр Хачатур’ян ў цэнтры Масквы гарадзкія ўлады адмовіліся. Арганізатары вырашылі перанесьці марш на 27 ліпеня і заявілі, што будуць зноў спрабаваць дамовіцца з мэрыяй.

Марыю, Ангеліну і Крысьціну Хачатур’ян затрымалі ў Маскве летам 2018 году. Іх абвінавацілі ў забойстве бацькі, 57-гадовага бізнэсоўца Міхаіла Хачатур’яна. Яго цела з множнымі нажавымі раненьнямі было знойдзена на лесьвічнай пляцоўцы дому, у якім ён жыў з дочкамі. Сёстры самі выклікалі паліцыю і прызналі сваю віну.

  • Родныя, сябры і суседзі сясьцёр Хачатур’ян пацьвярджаюць, што бацька зьбіваў іх і фактычна выкарыстоўваў як рабынь, рэдка выпускаючы з кватэры. Пракуратура таксама пацьвердзіла, што сёстры зазналі сэксуальнаму гвалт з боку бацькі.
  • У чэрвені Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы адносна сясьцёр. Пасьля гэтага ў некалькіх гарадах Расеі і замежжа пачаліся сэрыі адзіночных пікетаў у падтрымку Хачатур’ян. Удзельнікі акцый выступаюць супраць цяжкай кваліфікацыі злачынства. Цяпер сясьцёр абвінавачваюць у забойстве групай асоб паводле папярэдняй змовы, максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.
  • У абарону сясьцёр Хачатур’ян таксама выступіў лідэр папулярнай каліфарнійскай рок-групы System of a Down, уладальнік прэміі «Грэмі» Серж Танк’ян.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG