Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве затрымалі 7 супрацоўнікаў ФСБ за разбой


Ілюстрацыйнае фота

У Маскве затрыманыя і арыштаваныя сямёра супрацоўнікаў Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі. Трое зь іх знаходзяцца ў спэцпадразьдзяленьні «Альфа», двое — у банкаўскім падразьдзяленьні ФСБ, вядомым як Упраўленьне «К». Яшчэ адзін зьяўляецца супрацоўнікам групы спэцыяльнага прызначэньня «Вымпел».

Крыніца РБК сьцьвярджае, што працаўнікоў ФСБ падазраюць у крадзяжы 140 мільёнаў расейскіх рублёў у нейкім банку. Іншы суразмоўца выданьня заявіў, што выкралі 170 мільёнаў. Па справе таксама праходзіць супрацоўнік акадэміі ФСБ, сьцьвярджаецца ў публікацыі.

Афіцыйнага пацьверджаньня ад Цэнтру грамадзкіх сувязяў ФСБ пакуль не паступала. Некалькі дзён таму там заяўлялі пра затрыманьне двух супрацоўнікаў па падазрэньні ў крадзяжы сродкаў у прадпрымальніка. З якога яны падразьдзяленьня, не ўдакладнялася.

«Ведамасьці» распавялі, што калі адзін прадпрымальнік прынёс у банк 136 млн рублёў наяўных і хацеў пакласьці іх на дэпазыт, сілавікі ўварваліся ў банк і інсцэніравалі ператрус. Грошы ў прадпрымальніка яны адабралі, назваўшы іх «чорным налом», і падзялілі паміж сабой. Сьледзтва не выключае, што супрацоўнікі ФСБ дзейнічалі паводле наводкі супрацоўніка банка.

Сьледзтва мяркуе, што апісаны вышэй эпізод быў не адзіным: затрыманых сілавікоў правяраюць на дачыненьне да 5-12 аналягічных злачынстваў.

РБК сьцьвярджае, што ў Цэнтры спэцыяльнага прызначэньня ФСБ зараз праводзіцца праверка ў сувязі са справай, заведзенай на яго супрацоўнікаў.​


Упраўленьне «К» (афіцыйная назва — Упраўленьне контрвыведніцкага забесьпячэньня крэдытнай фінансавай галіны Службы эканамічнай бясьпекі ФСБ) у апошні час часьцей за ўсё згадвалася ў СМІ ў сувязі са справай начальніка аднаго зь яго аддзелаў — палкоўніка Кірылы Чаркаліна. Ён быў затрыманы ў канцы красавіка і зьмешчаны пад варту. Яго абвінавачвалі ў атрыманьні хабару, а 26 чэрвеня яму выставілі новае абвінавачаньне — у махлярстве ў асабліва буйным памеры. Паведамлялася, што пры ператрусе ў Чаркаліна знайшлі 12 мільярдаў рублёў наяўнымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG