Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напалоханы паяльнікам генэрал ФСБ аддаў вымагальнікам закапаныя мільёны


Ілюстрацыйнае фота

Завершана расьсьледаваньне крымінальнай справы аб выкраданьні генэрала расейскай Фэдэральнай службы бясьпекі ў адстаўцы Аляксандра Пастушкова, у якога вымагальнікі забралі пяць мільёнаў даляраў, закапаных у агародзе.

Пра гэта паведаміла газэта «Коммерсантъ».

У злачынстве абвінавачваюцца беспрацоўныя Магамед Гаджыеў і Раман Галушка. Паводле сьледзтва, у чэрвені 2018 году яны высачылі генэрала, калі той высаджваў дачку са сваёй машыны ў Маскве, і сілком перасадзілі яго ў свой аўтамабіль.

Гаджыеў і Галушка прывезьлі Пастушкова ў прыватны дом у падмаскоўным Відным, дзе пачалі яго зьбіваць і катаваць электрашокерам, каб ён сказаў, дзе схаваў грошы. Яны прыгразілі выкрадзенаму генэралу распаленым паяльнікам, пасьля чаго той здаўся. Адкуль нападнікі ведалі, што ў генэрала знаходзяцца грошы, «Коммерсантъ» не паведамляе.

Генэрал і ягоныя выкрадальнікі прыехалі ў загарадны дом у Адзінцоўскім раёне Падмаскоўя, дзе ён паказаў схованкі з грашамі. Гаджыеў і Галушка выкапалі на ўчастку сем плястыкавых кантэйнэраў, у якіх у рознай валюце знаходзілася пяць мільёнаў даляраў.

Забраўшы грошы, выкрадальнікі выкінулі Пастушкова на дарозе. Яго падабраў кіроўца, які там праяжджаў, і адвёз у шпіталь. Туды была выкліканая паліцыя, і пацярпелы паведаміў пра злачынства.

Гаджыева і Галушку злавілі з 200 мільёнамі расейскіх рублёў — паводле абменнага курсу, гэта менш за дзьве траціны ад тых пяці мільёнаў даляраў. Астатнія грошы падазраваныя пасьпелі патраціць на новыя машыны, рэстарацыі і дзяўчат. Іх абвінавацілі ў выкраданьні чалавека і вымаганьні. Газэта паведамляе, што яны спачатку прызналі віну, але потым адмовіліся ад ранейшых паказаньняў.

Тым часам сам пацярпелы генэрал адмаўляе, што бандыты выкралі ў яго схаваныя мільёны. Пастушкоў заяўляе, што яго пераблыталі з багатым суседам. Паводле ягонай вэрсіі, ніякіх каштоўнасьцяў на ягоным участку зламысьнікі не знаходзілі.

Раней суд канфіскаваў у Пастушкова амаль усю маёмасьць як незаконна нажытую. Сьледзтва ўстанавіла, што генэрал, які займаў пасаду першага намесьніка начальніка ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва службы забесьпячэньня дзейнасьці ФСБ, нажыўся дзякуючы карупцыі. У ходзе ператрусу апэратыўнікі канфіскавалі ў Пастушкова адзін мільён долараў і 5,6 мільёна расейскіх рублёў. Дом з участкам былі ацэненыя ў 36 мільёнаў рублёў. Усё гэтая маёмасьць была вернутая дзяржаве паводле судовага рашэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG