Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прапанавала, а Расея адмовілася падвысіць тарыф на транзыт нафты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейскі бок не падтрымаў прапанову аб падвышэньні тарыфу на транспартаваньне расейскай нафты празь Беларусь, перадае Naviny.by заяву міністра гандлю Беларусі Ўладзімера Калтовіча.

Паводле Калтовіча, беларуская прапанова «не прайшла», бо Расея прапанавала «выразна абгрунтаваць прычыны такога падвышэньня». Як была абгрунтаваная прапанова, не ўдакладняецца.

Але ён настойвае на тым, што «падвышэньне тарыфаў на транзыт нафты павінна і будзе весьціся адпаведна дзейнай мэтодыцы», таму абмеркаваньне будзе працягнутае.

Расейская «Транснефть» раней заяўляла, што беларускі бок прапануе падвысіць тарыфы на транзыт празь Беларусь на 23%. Мінулым разам тарыфы падвышаліся ад 1 лютага на 7,6%.

Беларусь тым часам таксама патрабуе ад Расеі 155 мільёнаў даляраў кампэнсацыі за забруджаную нафту. Ці зьвязанае падвышэньне тарыфаў з інцыдэнтам з бруднай нафтай, невядома.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG