Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове працягваецца палітычны крызыс і дваяўладзьдзе


Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон

У Малдове працягваецца палітычны крызыс на тле стварэньня новага ўраду, паўнамоцтвы якога не прызнаў Канстытуцыйны суд. У краіне фактычна працуюць два ўрады — ранейшы, Паўла Філіпа, і новы, Маі Санду.

Прэзыдэнт Ігар Дадон, чые паўнамоцтвы былі часова прыпыненыя Канстытуцыйным судом, правёў пасяджэньне Вышэйшай рады бясьпекі, а Канстытуцыйны суд выступіў супраць «гарачых нападак» тых, хто крытыкуе рашэньне суду аб спыненьні паўнамоцтваў Дадона.

Паводле мясцовых СМІ, абстаноўка ў Кішынэве застаецца спакойнай, а супрацоўнікі сілавых ведамстваў працягваюць ахоўваць занятыя прыхільнікамі Паўла Філіпа будынкі міністэрстваў. Пры гэтым група паліцэйскіх паведаміла аб падтрымцы новага ўраду пад кіраўніцтвам Маі Санду. Пасьля гэтага паліцыя правяла ў іх ператрусы, паведаміў кіраўнік упраўленьня ў Нацыянальным інспэктараце расьсьледаваньняў Малдовы Анатоль Макавей.

Ураду Паўла Філіпа пакуль не ўдалося заручыцца міжнароднай падтрымкай у палітычнай спрэчцы. Пры гэтым кабінэт міністраў прыняў рашэньне аб пераносе пасольства Малдовы ў Ізраілі з Тэль-Авіву ў Ерусалім, што паказвае на спробу атрымаць дапамогу з боку Ізраіля і ЗША, якія заклікаюць краіны сьвету прызнаць сталіцай Ерусалім.

  • Кабінэт Санду быў сфармаваны прадстаўнікамі Сацыялістычнай партыі, якая лічыцца прарасейскай сілай, і праэўрапейскага блёку ACUM. Палітычныя апанэнты аб’ядналіся, каб адхіліць ад улады Дэмакратычную партыю, зьвязаную зь бізнэсоўцам Уладзімірам Плахатнюком. Канстытуцыйны суд, аднак, прызнаў стварэньне кабінэта незаконным і часова адхіліў прэзыдэнта Дадона ад улады, перадаўшы яго паўнамоцтвы Філіпу. Той абвясьціў аб роспуску парлямэнту.
  • Замежныя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі заяўляюць аб недапушчальнасьці эскаляцыі і неабходнасьці дыялёгу. Пры гэтым яны даюць зразумець, што прызнаюць легітымнасьць рашэньняў парлямэнту. Такую пазыцыю выказалі прадстаўнікі ЭЗ і Рады Эўропы. МЗС Расеі ў панядзелак вітаў стварэньне новага ўраду ў Малдове. Зьмену ўлады таксама ўскосна падтрымала Румынія, якая лічыцца адным з галоўных эканамічных і палітычных партнэраў Кішынэву. У панядзелак Дэмакратычная партыя афіцыйна заклікала сваіх апанэнтаў правесьці перамовы, каб знайсьці выхад з крызысу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG