Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп выступіў супраць сачэньня за Кім Чэн Ынам


Кім Чэн Ын і Дональд Трамп у Віетнаме, 28 лютага 2019 году

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп публічна выступіў супраць выкарыстаньня Цэнтральным выведным агенцтвам інфарматараў для сачэньня за лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам, расказвае «Голас Амэрыкі».

Трамп закрануў гэтае пытаньне праз дзень пасьля таго, як Wall Street Journal паведаміла, што зводны брат Кіма, нябожчык Кім Чон Нам, быў інфарматарам амэрыканскіх выведнікаў. Той быў забіты ў лютым 2017 году ў аэрапорце Куала-Лумпура ў Малайзіі.

«Я бачыў інфармацыю аб ЦРУ ў дачыненьні да ягонага [Кім Чэн Ына] брата, або зводнага брата. Я б сказаў яму, што гэтага не адбылося б пры маім праўленьні, гэта дакладна. Я ня даў бы гэтаму здарыцца», — сказаў Дональд Трамп, выступаючы перад журналістамі на лужку ля Белага дома.

Выведнікі пакуль ніяк не пракамэнтавалі гэтую заяву. Экспэрты ж нэгатыўна расцанілі словы Трампа, заявіўшы, што забарона ЦРУ на выкарыстаньне інфарматараў можа перашкодзіць агенцтву ў зборы каштоўнай інфармацыі аб працэсах, якія адбываюцца ў КНДР, і аб пагрозах, якія зыходзяць ад гэтай дзяржавы да ЗША і ўсяго рэгіёну.

«Прэзыдэнт павінен разумець, што для падтрыманьня бясьпекі краіны ЦРУ павінна мець магчымасьць выконваць сваю працу, зьбіраючы і аналізуючы інфармацыю для падтрымкі ўсяго спэктру дыпляматычных, ваенных і эканамічных ініцыятываў», — сказаў Reuters Чун Пак, былы супрацоўнік выведкі, спэцыяліст па Ўсходняй Азіі.

Трамп выступаў за дзень да першай гадавіны з дня гістарычнага сынгапурскага саміту з Кім Чэн Ынам — і ня выключыў яшчэ адной сустрэчы зь ім. У чэрвені Трамп наведвае Японію і Паўднёвую Карэю.

Па словах Трампа, Кім стрымаў сваё слова: КНДР не праводзіла пасьля саміту запускаў міжкантынэнтальных балістычных ракетаў або падземных ядзерных выпрабаваньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG