Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя аплаціць пахаваньне забітага ў Кіеўскай вобласьці хлопчыка, падазраваныя паліцыянты арыштаваныя


Фотаздымак Кірыла на жалобнай акцыі. Львоў, 4 чэрвеня 2019

Міністар унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў і кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Сяргей Князеў 4 чэрвеня сустрэліся зь сям’ёй 5-гадовага Кірыла Тлявава. 31 траўня хлопчык атрымаў сур’ёзнае раненьне ў галаву, паводле вэрсіі сьледзтва — з-за таго, што два супрацоўнікі Нацыянальнай паліцыі ў той дзень пілі алькаголь у двары прыватнага сэктару ў Пераяслава-Хмяльніцкім і стралялі па бляшанках і іншых прадметах. Празь некалькі дзён Кірыл памёр у шпіталі.

Авакаў і Князеў сустрэліся з мамай і бабуляй хлопчыка і выказалі спачуваньні сям’і загінулага. Князеў папрасіў прабачэньня перад імі ад імя Нацыянальнай паліцыі і запэўніў, што яго ведамства акажа ўсю неабходную дапамогу ў расьсьледаваньні справы, а таксама аплаціць пахаваньне дзіцяці. Таксама, паводле яго, усе супрацоўнікі Галоўнай управы паліцыі ў Кіеўскай вобласьці пералічаць сям’і забітага хлопчыка свой аднадзённы заробак.

«Я вам абяцаю, што мы будзем уважліва сачыць за хадою расьсьледаваньня. Я спадзяюся, што суд прызначыць адэкватнае пакараньне», — падкрэсьліў са свайго боку Авакаў.

Кіеўскі суд 4 чэрвеня прыняў рашэньне арыштаваць на два месяцы без магчымасьці ўнясеньня закладу паліцыянтаў Івана Прыходзьку і Уладзіміра Петраўца. Менавіта іх падазраюць у забойстве пяцігадовага хлопчыка.

Жыхары Пераяслава-Хмяльніцкага цэлы дзень несьлі цацкі і сьвечкі да будынка мясцовай паліцыі, каб нагадаць паліцыянтам пра сьмерць дзіцяці. Адразу ж пасьля таго, як стала вядома пра сьмерць хлопчыка, кіраўнік паліцыі Кіеўскай вобласьці Дзьмітры Цэнаў падаў рапарт аб адстаўцы і папрасіў кіраўніцтва Нацыянальнай паліцыі накіраваць яго на Данбас.

«Я як кіраўнік паліцыі Кіеўскай вобласьці, нясу адказнасьць за дзеяньні падначаленых. Прашу накіраваць мяне ў цяжкую кропку нашай дзяржавы», — растлумачыў ён.

Пад мурамі МУС у Кіеве таксама адбыўся мітынг з патрабаваньнем адстаўкі кіраўніка МУС Арсена Авакава, а пэтыцыя з патрабаваньнем адстаўкі міністра зьявілася на сайце прэзыдэнта Ўкраіны. Калі пэтыцыя набярэ больш за 25 000 галасоў на працягу трох месяцаў, яна павінна быць разгледжана прэзыдэнтам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG