Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія выдала Армэніі пляменніка экс-прэзыдэнта Саргсьяна, які хаваўся ў Празе з гватэмальскім пашпартам


Нарэк Саргсьян

Муніцыпальны суд Прагі задаволіў просьбу Армэніі аб экстрадыцыі на радзіму Нарэка Саргсьяна, пляменьніка экс-прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсьяна. Ён быў затрыманы ў Празе 6 сьнежня.

«На момант затрыманьня ён прад’явіў падроблены пашпарт грамадзяніна Гватэмалы на імя Франкліна Гансалеса», — паведаміла пасьля затрыманьня Саргсьяна ў Празе прэс-служба паліцыі Армэніі.

У Армэніі пляменьнік былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна быў зь лета 2018 году абвешчаны ў міжнародны вышук: на яго была заведзеная крымінальная справа аб незаконным захоўваньні і абароце зброі, боепрыпасаў і наркотыкаў, а таксама некалькі іншых справаў.

Скрадзеныя карціны, зброя, наркотыкі

Як сьцьвярджала Служба нацыянальнай бясьпекі Армэніі, у 2013 годзе Нарэк Саргсьян падмануў спадкаемцаў мастака Мартыроса Сар’яна. Паводле дадзеных сьледзтва, пляменьнік прэзыдэнта забраў у аднаго з нашчадкаў жывапісца 14 эскізаў карцін агульным коштам каля 280 тысяч даляраў і паабяцаў заплаціць за іх 28 тысяч даляраў, а на астатнюю суму супольна з нашчадкамі адкрыць казіно і курыраваць яго дзейнасьць. Але пасьля таго, як карціны былі перададзеныя Саргсьяну, той ня выканаў свае абяцаньні і адмовіўся вярнуць эскізы.

4 ліпеня ў кватэры па адрасе прапіскі Саргсьяна быў праведзены ператрус, і карціны Мартыроса Сар’яна былі знойдзеныя. А разам з імі — 115 тысяч даляраў, 27 тыся эўраў, дарагія гадзіньнікі, мноства залатых манэт і ўпрыгожаньняў. Таксама паліцыя выявіла ў кватэры дзьве валізкі з наркотыкамі і зброяй і адкрыла на Саргсьяна новую справу — ужо аб незаконным валоданьні зброяй і наркотыкамі.

Акрамя таго, на Нарэка Саргсьяна ў Армэніі заведзеная яшчэ адна крымінальная справа — за выкраданьне і зьбіцьцё чалавека. Пасьля гэтага пляменьнік былога прэзыдэнта ўцёк з краіны з фальшывым пашпартам.

Як сышоў са сцэны былы прэзыдэнт

Сэрж Саргсьян займаў пасаду прэзыдэнта Армэніі два тэрміны і больш за 10 гадоў. Згодна з Канстытуцыяй Армэніі прэзыдэнт можа выбірацца толькі на два тэрміны. Спрабуючы ўтрымаць уладу, Саргсьян і ўзначальваная ім кіруючая Рэспубліканская партыя ў 2015 годзе правялі канстытуцыйную рэформу. Яна перадала ўсю паўнату ўлады ў краіне прэм’еру, якога прызначае парлямэнт Армэніі. Пасада прэзыдэнта пасьля рэформы стаў па сутнасьці дэкаратыўнай.

Настойваючы на рэформе, Саргсьян паабяцаў, што ня будзе вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду прэм’ера пасьля заканчэньня другога прэзыдэнцкага тэрміну. Але парушыў абяцаньне. У красавіку 2018 году парлямэнт зацьвердзіў Саргсьяна прэм’ерам краіны, а прэзыдэнт Армэніі ўжо праз пару гадзін падпісаў указ аб яго прызначэньні. Гэтае рашэньне стала пачаткам масавых пратэстаў у Армэніі, якія перарасьлі ў «аксамітную рэвалюцыю».

Пасьля масавых пратэстаў Саргсьян падаў у адстаўку з пасады прэм’ера, заявіўшы, што «памыліўся». Узначальваная ім Рэспубліканская партыя не прайшла ў парлямэнт на новых выбарах, іх выйграла апазыцыя на чале з Міколам Пашыньянам.

Крымінал у сям'і

Пасьля прыходу Пашыньяна да ўлады на многіх сваякоў і паплечнікаў Саргсьяна былі заведзеныя крымінальныя справы.

Пад сьледзтвам сёньня знаходзяцца блізкія сваякі экс-прэзыдэнта Армэніі:

  • Айк Саргсьян, другі сын брата прэзыдэнта Аляксандра Саргсьяна. Ён абвінавачваецца ў замаху на забойства, але вызвалены пад заклад.
  • Лявон Саргсьян, другі брат Сэржа Саргсьяна. Ён абвінавачваецца ў нясплаце падаткаў і незаконным узбагачэньні і знаходзіцца ў вышуку. Нарэк — яго сын.
  • Дачка Лявона Ані праходзіць па тым самым абвінавачаньні, што і бацька, яна знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG