Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Google, Apple, Amazon і Facebook стануць аб’ектам антыманапольных слуханьняў у ЗША


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Судовы камітэт Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША абвясьціў 3 чэрвеня аб тым, што ён правядзе сэрыю слуханьняў аб магчымай манапалізацыі рынку найбуйнейшымі амэрыканскімі тэхналягічнымі кампаніямі.

Шэраг экспэртаў лічаць, што любое расьсьледаваньне закране Amazon, Apple, Facebook і Google. Кожная з гэтых карпарацый прыцягвае ўвагу амэрыканскіх заканадаўцаў у сувязі зь іх дамінаваньнем у галіне сацыяльных сетак, анлайн-рэклямы, анлайн-пошуку, анлайн-камэрцыі і мабільных праграм.

Сярод іншага камітэт разгледзіць пытаньне аб тым, наколькі антыманапольнае заканадаўства, прынятае ў эпоху да разьвіцьця інтэрнэту, адэкватнае цяперашняй сытуацыі, калі некалькі буйных гульцоў дамінуюць у сфэры тэхналёгій і інтэрнэце.

Пасьля апублікаваньня заявы Камітэту кошт акцый Facebook упаў на біржы ў Нью-Ёрку на 7,5%, Google — на 6%.

Газэта Wall Street Journal паведамляе, што Google таксама стане абʼектам увагі антыманапольнага ўпраўленьня Міністэрства юстыцыі ЗША, а Facebook — Фэдэральнай камісіі ў пытаньнях сувязі.

Заклікі абмежаваць рост уплыву буйных амэрыканскіх тэхналягічных кампаній пачалі цыркуляваць у апошнія гады сярод навукоўцаў і актывістаў, да іх далучыліся нават некаторыя лідэры тэхналягічнай галіны.

У сакавіку сэнатар-дэмакрат Элізабэт Уорэн публічна заклікала да «расчляненьня» Facebook, Google і Amazon на больш дробныя кампаніі, што, па словах сэнатара, створыць больш спрыяльны канкурэнтны клімат. Раней Уорэн казала, што амэрыканскія заканадаўцы дапусьцілі памылку, даўшы зялёнае сьвятло набыцьцю праграм Instagram і WhatsApp гігантам Facebook.

Google і Facebook зьяўляюцца буйнымі кампаніямі, якія пастаўляюць вялікі пералік прадуктаў, паслуг і тэхналёгій, з гэтай прычыны антыманапольнае расьсьледаваньне можа рушыць у самых розных кірунках. Канкурэнты даўно сьцьвярджаюць, што Google выкарыстоўвае сваю дамінуючую пошукавую сыстэму для дасягненьня перавагі і на іншых рынках.

Эўразьвяз ужо тройчы санкцыянаваў Google за задушэньне канкурэнцыі, у тым ліку наклаўшы рэкордны штраф у памеры 5 мільярдаў даляраў за выкарыстаньне сыстэмы Android для прасоўваньня пошукавіка Google на мабільных прыладах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG