Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самая прарасейская, лібэральная, згуртаваная. 5 новых фактаў пра краіны Балтыі


Сьцягі Літвы, Латвіі і Эстоніі
Сьцягі Літвы, Латвіі і Эстоніі

Што бліжэй — Захад ці Расея, лібэралізм ці нацыяналізм? Нядаўняе шырокае дасьледаваньне, праведзенае сацыёлягамі ў краінах Балтыі, паказала, што грамадзтвы там расколатыя. Але справа тут, насуперак стэрэатыпам, далёка ня толькі ў буйных расейскамоўных супольнасьцях.

Дасьледаваньне пад назвай «Ідэалягічная палярызацыя ў грамадзтвах краін Балтыі» правёў Інстытут філязофіі і сацыялёгіі Латвійскага ўнівэрсытэту пры падтрымцы нямецкага Фонду Фрыдрыха Эбэрта. Ключавое пытаньне — стаўленьне насельніцтва да заходніх каштоўнасьцяў.

Літоўцы — самае згуртаванае грамадзтва

Вільня
Вільня

Найбольш аднастайным і згуртаваным аказалася літоўскае грамадзтва, а вось у Эстоніі і Латвіі выявіўся істотны раскол. Але калі ў Эстоніі грамадзтва падзялілася на палітыка-ідэалягічнай глебе, на «лібэралаў» і «нацыяналістаў», то ў Латвіі — на геапалітычнай: на тых, хто за Расею супраць Захаду, і наадварот.

Латвія — самая прарасейская

У Латвіі, наадварот, лягер антызаходнікаў найбольш шматлікі: 55% рэспандэнтаў настроеныя прарасейскім чынам, у той час як антырасейскіх «нацыяналістаў» 44%. Група «лібэралаў» у Латвіі склала ўсяго два адсоткі. Па выніках дасьледаваньня балтыйскіх дзяржаваў Латвія аказалася найбольш уразьлівай на расейскую прапаганду.

Латышы — самыя вялікія скептыкі

Рыга
Рыга

Калі ў Эстоніі і Літве лідэры грамадзкай думкі арыентаваныя на Захад і глядзяць на сваю краіну з аптымізмам, у Латвіі яны, як і асноўная маса насельніцтва, праяўляюць скепсіс. 45% апытаных упэўненыя, што Латвія — гэта failed state (недзеяздольная дзяржава).

Высьветлілася таксама, што паляпшэньне эканамічнай сытуацыі ў краінах Балтыі не заўсёды адбіваецца на думках людзей.

Эстонцы — лібэралы

Талін
Талін

​Эстонскія «лібэралы» склалі самую шматлікую групу меркаваньняў у краіне — 51% рэспандэнтаў, «нацыяналісты» — 40%. Першыя да Расеі ставяцца халаднавата, другія — зь відавочнай няўхвалай. Ёсьць і нешматлікая (8%) прарасейская група.

Дзе шукаць лібэралаў сярод расейскамоўных у краінах Балтыі?

Так званыя «эўрапейскія рускія» складаюць найменшую частку расейскамоўных супольнасьцяў і ў Латвіі, і ў Эстоніі. Большая частка латвійскіх рускіх займаюць прагматычную, умераную пазыцыю. Яны, з аднаго боку, не настроеныя вельмі антызаходне. Але, зь іншага боку, ніколі ня зоймуць крытычнай пазыцыі ў дачыненьні да Расеі, бо разглядаюць яе як крыніцу сваёй культурнай ідэнтычнасьці.

Дасьледчыкі правялі больш за тры тысячы асабістых інтэрвію. Аўтары адзначаюць, што канфлікт паміж заходнімі лібэральнымі і так званымі традыцыйнымі каштоўнасьцямі за тры гады пасьля папярэдняга апытаньня абвастрыўся ва ўсіх трох краінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG