Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі затрымалі 32-гадовага ўладальніка мэдцэнтру зь Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

Уладальніка маскоўскага шматпрофільнага мэдыцынскага цэнтру «Ф Клінікс», 32-гадовага бізнэсоўца зь Беларусі Паўла Фралова падазраюць у махлярстве асабліва буйнога памеру — на суму каля 1 млрд расейскіх рублёў (каля 15,5 млн даляраў), паведамляе «Коммерсантъ».

Як патлумачылі ў паліцыі, нейкі «раней судзімы грамадзянін адной з замежных дзяржаў» (паводле дадзеных «Коммерсанта», гаворка ідзе пра Паўла Фралова) стварыў у некалькіх рэгіёнах краіны сетку мэдыцынскіх клінік і кол-цэнтраў. Супрацоўнікі апошніх тэлефанавалі па тэлефоне пажылым жыхарам Масквы, Санкт-Пецярбургу, Чувашыі, Уладзімірскай, Калужскай, Разанскай і Яраслаўскай абласьцей і пераконвалі іх прайсьці абсьледаваньне ў падкантрольных Фралову мэдцэнтрах.

«А потым работнікі гэтых установаў, якія ня маюць спэцыяльнай мэдыцынскай адукацыі, уводзілі пажылых людзей у зман аб наяўнасьцi ў iх захворваньняў, якія патрабуюць неадкладнага і дарагога лячэньня. Для аплаты фіктыўных мэдыцынскіх паслуг пацярпелых схілялі да афармленьня крэдытаў на сумы да 500 тысяч рублёў», — расказалі ў паліцыі.

Паводле вэрсіі паліцыі, у выніку дзейнасьці мэдцэнтраў пацярпелі больш за 11 тысяч чалавек, якія заплацілі клінікам агулам каля 1 млрд руб за непатрэбнае ім лячэньне.

Прадстаўнікі бізнэсоўца сьцьвярджаюць, што той ня меў дачыненьня да махінацый, а скаргі на яго былі ініцыяваныя канкурэнтамі на рынку мэдпаслуг. Адвакат Фралова кажа, што той заснаваў толькі маскоўскую клініку, а да астатніх згаданых у крымінальнай справе мэдцэнтраў ня мае дачыненьня і «нават ня ведаў пра іх існаваньне».

Фралова арыштавалі, мясцовая паліцыя падазрае бізнэсоўца ў арганізацыі асабліва буйнога махлярства (ч. 4 арт. 159 КК РФ). Усяго ў рамках справы затрымалі 25 чалавек, у ліку якіх гендырэктар, галоўныя ўрачы, бухгальтары і шараговыя супрацоўнікі мэдцэнтраў у розных рэгіёнах краіны. Затрыманьні працягваюцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG