Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвінавацілі кітайскіх хакераў у крадзяжы дадзеных 78 мільёнаў чалавек


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кітайскія хакеры ўзламалі базы дадзеных мэдыцынскай страхавой кампаніі Anthem і атрымалі доступ да асабістых зьвестак каля 78,8 млн амэрыканцаў, уключна зь іхнымі імёнамі, ідэнтыфікацыйнымі нумарамі, датамі нараджэньня, нумарамі сацыяльнага страхаваньня, адрасамі, тэлефонамі электроннымі адрасамі, інфармацыяй аб занятасьці і зьвесткамі аб даходах.

У ЗША пракуратура прад’явіла абвінавачаньне ва ўзломе кампутарных сыстэм грамадзяніну Кітая, які дзейнічаў у складзе хакерскай групоўкі. Абвінавачаньне апублікавалі на сайце Міністэрства юстыцыі ЗША.

32-гадовы кітаец Ван Фуцзе і некалькі ягоных паплечнікаў, паводле сьледзтва, узламалі сыстэму амэрыканскай кампаніі Anthem Inc. і трох іншых кампаній, чые назвы не раскрываюцца. Выкарыстоўваючы «складаныя мэтады для ўзлому кампутарных сетак», хакеры зь лютага 2014 году працавалі над атрыманьнем доступу да іх дадзеных. Яны рассылалі фішынгавыя лісты з гіпэрспасылкамі, пры пераходзе па якіх на кампутары ахвяраў загружалася шкоднае праграмнае забесьпячэньне. Толькі ў выпадку са страхавой кампаніяй Anthem хакерам атрымалася выкрасьці асабістыя зьвесткі каля 78,8 млн чалавек.

«Паколькі пацярпелыя кампаніі неадкладна апавяшчалі ФБР аб зламыснай кібэрактыўнасьці, мы змаглі пасьпяхова расьсьледаваць і выявіць выканаўцаў гэтай маштабнай і вельмі складанай схемы. ФБР імкнецца расьсьледаваць кібэратакі, якія ставяць пад пагрозу амэрыканскую прамысловасьць і амэрыканскі народ», — заявіў памочнік дырэктара ФБР Мэт Горхам.

У пачатку сакавіка 2019 году The Wall Street Journal паведамляла пра маштабную кібэратаку кітайскіх хакераў, якая закранула сама меней 27 унівэрсытэтаў ЗША, Канады і Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Атакі хакераў пачаліся яшчэ ў красавіку 2017 году, іх мэтай было выкраданьне дадзеных аб тэхналёгіях запуску бесьпілётнікаў з падводных лодак, а таксама інфармацыі аб праграме Пэнтагону пад кодавай назвай «Марскі цмок», якая прадугледжвае пускі ракет са схаваных у вадзе субмарын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG