Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга зь Бібліятэкі Свабоды сярод фаварытаў прэміі «Кніга году 2018»


Кніга нашага рэдакцыйнага калегі Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР», выдадзеная летась у сэрыі «Бібліятэка Свабоды», апынулася сярод 11 кнігаў, якія згадваліся найчасьцей сябрамі журы прэміі «Кніга году»​.

На сайце прэміі «Кніга году» апублікаваны сьпіс з 72 выданьняў, якія сябры журы згадалі ў ліку найлепшых за 2018 год. Сёлета ў склад вялікага журы ўвайшлі 103 літаратаркі і літаратары.

Вынікі прэміі, а таксама інфармацыя пра галасаваньне кожнага сябра журы, будуць апублікаваныя 28 траўня на сайце kniha.by. Пераможца атрымае 1000 эўраў па курсе Нацбанку.

Прэмія прысуджаецца адной найлепшай кнізе, выдадзенай у папярэднім годзе ў жанрах мастацкая проза, паэзія, эсэістыка, нон-фікшн. У склад журы мог увайсці любы беларускі пісьменнік і перакладчык.

Прэмія «Кніга году» была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 2015 годзе. Папярэднія пераможцы:

  • за 2017 год — «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча;
  • за 2016-ы — «Маё невымаўля» Насты Кудасавай;
  • за 2015-ы — «Нататкі таткі» Андрэя Хадановіча;
  • за 2014 год прэмія ўручалася ў трох намінацыях — «Дзеці Аліндаркі» Альгерда Бахарэвіча («Проза») , «Верхні горад» Антона Рудака («Паэзія»), «Сумны суп» Вольгі Гапеевай і «Авантуры студыёзуса Вырвіча» Людмілы Рублеўскай («Дзіцячая літаратура»).

Кніга «Падарожжа ў БНР» уяўляе сабой паказ у гістарычным кантэксьце арыгінальных дакумэнтаў і матэрыялаў, якія захоўваюцца ў фондах БНР у архівах Менску і Вільні. Яе жанр аўтар вызначыў як «архіўны раман». На яе старонках у трох сотнях кароткіх фрагмэнтаў апісваецца ўзьнікненьне незалежнай Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG