Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інакш нас бог пакарае». Узбэцкія дзеячы культуры просяць надаць расейскай мове дзяржаўны статус


Школьніцы ва Ўзбэкістане
Школьніцы ва Ўзбэкістане

Напярэдадні афіцыйнага візыту міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова ў Ташкент каля 20 расейскамоўных народных артыстаў, вядомых мастакоў і кінэматаграфістаў Узбэкістану заклікалі ўлады прысвоіць расейскай мове дзяржаўны статус.​

Зварот апублікавалі на сайце ўзбэцкай вэрсіі расейскага мэдыя «Вести».

Паводле ўзбэцкай рэдакцыі Радыё Свабода, гэтую ініцыятыву абмяркоўвалі падчас сьвяткаваньня 25-годзьдзя Расейскага культурнага цэнтру ў Ташкенце, а збор подпісаў арганізаваў журналіст Ала Хаджаеў.
Сярод падпісантаў — мультыплікатар Назім Туляхаджаеў і народная артыстка СССР Бэрнара Карыева. У размове са Свабодай яны распавялі, што такім чынам «пераможа справядлівасьць».

«Калі расейскай мове нададуць статус дзяржаўнай мовы, то гэта будзе нашай падзякай расейскаму народу. Калі мы ня зробім гэтага, то нас бог пакарае», — сказала народная артыстка СССР і балярына 80-гадовая Бэрнара Карыева. Яна таксама згадала, што ёй цяжка ў сваім узросьце вучыць мову, а ў аптэцы яна ня можа прачытаць інструкцыю да прэпаратаў, паколькі яна на ўзбэцкай.

Мастак Вячаслаў Ахунаў у размове з журналістам узбэцкай службы РС сказаў, што тыя дзеячы мастацтва, якія выступілі з гэтай ініцыятывай, кіруюцца «каляніяльным мысьленьнем».

«Яны ўсе яшчэ ў палоне ў мінулага. Яны жывуць мінулым, а не сёньняшнім або будучым, таму што яны пласт грамадзтва, выхаваны ў савецкі час. Яны сумуюць па тым выхаваньні, становяцца лялькамі-марыянэткамі ў крамлёўскіх гульнях. Тое, што яны кажуць, што расейская мова зьяўляецца мовай міжнацыянальнай зносін — гэта чыста каляніяльнае мысьленьне. Гэтая спадчына, якая засталася ад імпэрыі», — сказаў ён.

Да 1989 года афіцыйным мовай Узбэцкай ССР была расейская. Пасьля пачатку палітыкі галоснасьці Вярхоўны савет рэспублікі прыняў закон аб прысваеньні дзяржаўнага статусу ўзбэцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG