Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасаду РФ у Беларусі занепакоілі праведзеныя КДБ затрыманьні


Амбасада Расеі ў Менску

«Пасольства Расеі запытала інфармацыю ў беларускага боку адносна паведамленьняў, якія зьявіліся ў СМІ, у сувязі з заявай КДБ Беларусі аб затрыманьні грамадзяніна Расеі. Пацьверджаньня па гэтым факце пакуль не атрымана», — паведаміла вечарам 4 траўня расейскае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў сваім твітэр-акаўнце.

«Зьвяртаем таксама ўвагу, што ў паведамленьні КДБ Беларусі размова ідзе пра аднаго грамадзяніна РФ. У другім выпадку гаворыцца пра прадстаўніка нейкай расейскай камэрцыйнай структуры, што не зьяўляецца пацьвярджэньнем наяўнасьці ў яго расейскага грамадзянства», — падкрэсьліваюць расейскія дыпляматы.

Гаворка ідзе пра два паведамленьні, якія КДБ разьмясьціў на сваім сайце раніцай 4 траўня.

У прыватнасьці камітэт паведаміў пра затрыманьне генэральнага дырэктара РУП «Белтэлекам» Сяргея Сівадзедава за атрыманьне хабару ад грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі.

«У рамках сьледзтва ў крымінальнай справе паводле артыкулаў 430, 431 КК Рэспублікі Беларусь КДБ прыцягнутыя ў якасьці абвінавачаных генэральны дырэктар РУП „Белтэлекам“ Сівадзедаў Сяргей Іванавіч, які атрымаў хабар за садзейнічаньне ў пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталяваньня ў памеры 15.000 эўраў, а таксама хабарадавальнік — грамадзянін Расейскай Федэрацыі „К“», — гаворыцца ў інфармацыі камітэту.

Акрамя таго, было разьмешчана паведамленьне пра затрыманьне Андрэя Уцюрына, які да нядаўняга часу займаў пасаду намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі. Яго абвінавачваюць у атрыманьні хабару ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры.

Згодна з інфармацыяй КДБ, Уцюрын быў затрыманы на гарачым «пры атрыманьні 148.600 даляраў ЗША ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры „Г“ за садзейнічаньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Рэспубліцы Беларусь». Адзначаецца, што абодва абвінавачаныя прызналі віну ў дадзеным эпізодзе ў поўным аб’ёме. Да іх ужытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.

Інфармацыя пра затрыманьне Сівадзедава і Ўцюрына паводле падазрэньня ў атрыманьні хабараў зьявілася ў СМІ і тэлеграм-каналах яшчэ 29 красавіка, аднак у Камітэце дзяржбясьпекі на той момант яе камэнтаваць адмовіліся.

1 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны ўказ прэзыдэнта ад 24 красавіка, згодна зь якім палкоўнік Андрэй Уцюрын вызвалены ад пасады намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі «за правіны, што дыскрэдытуюць званьне ваеннаслужачага».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG