Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску са шматпавярховіка эвакуавалі людзей. Жыхары кажуць пра пагрозу абрынаньня

абноўлена

Шматпавярховік на Шырокай, 3. Гэта дом на тры падʼезды са зьменнай павярховасьцю ад 12 да 14 ўзроўняў. Здымак: Алена Зуева, Tut.by
Шматпавярховік на Шырокай, 3. Гэта дом на тры падʼезды са зьменнай павярховасьцю ад 12 да 14 ўзроўняў. Здымак: Алена Зуева, Tut.by

У Менску эвакуавалі жыхароў шматпавярховіка па адрасе Шырокая, 3. Паўтара года таму жыхары пісалі ў зваротах, што апорная калёна ў другім падʼезьдзе пачала разбурацца, піша Tut.by.

Абноўлена 20:15: Жыхарам дазволілі вярнуцца ў свае кватэры. 29-30 красавіка ўмацаваньне калёны працягнуць.

Навошта выводзілі людзей?

Рамонт апорнай калёны ў другім падʼезьдзе дому пачалі тыдзень таму. Жыхары, якіх 26 красавіка тэрмінова вывелі на вуліцу, непакояцца, што дом можа абрынуцца.

«Нам сказалі ўзяць пашпарты і выйсьці ўсім на вуліцу. Дом ачапілі, нікога не пускаюць усярэдзіну. На фасадзе відаць расколіны», — сказаў мясцовы жыхар Аляксандар.

У Менгарвыканкаме заявілі, што ў доме ўзмацняюць маналітную калёну другога падʼезду. А жыльцоў вывелі, каб забесьпечыць іх бясьпеку. Мяркуецца, што рамонт скончаць а 20-й гадзіне.

Тая самая калёна. Здымак: прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.
Тая самая калёна. Здымак: прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

У адміністрацыі Савецкага раёну выбачыліся за нязручнасьці і папрасілі з паразуменьнем паставіцца да «часовых зьменаў».

Камунальныя службы пакватэрна паведамлялі жыхарам, што трэба выйсьці з дому. Часовае знаходжаньне жыхароў арганізавалі ў суседняй школе № 178 (вул. Усходняя, 68).

У МНС інфармацыя пра зьмену цэласнасьці маналітнай калёны паступіла ў 14:00.

Дом быў даўгабудам, праблемы заўважылі летась

Дом здалі ў эксплюатацыю ў 2014 годзе. Узводзіў дом забудоўшчык КУП «Упраўленьне капітальнага будаўніцтва адміністрацыі Савецкага раёну Менску», абʼект быў даўгабудам.

Паводле Tut.by, людзі выйшлі толькі з другога падʼезду, у астатніх двух знаходзіцца можна.
Паводле Tut.by, людзі выйшлі толькі з другога падʼезду, у астатніх двух знаходзіцца можна.

Спэцыялісты патлумачылі, што будаўнікі будуць узмацняць калёну. Дзеля гэтага побач усталююць сталёвую бэльку, якая павінна ўзяць на сябе нагрузку. На калёну паставяць датчыкі, каб пераканацца, што сытуацыя стабілізавалася.

У сакавіку 2018 году эксплюатуючая арганізацыя выявіла, што ў калёне зьяўляюцца расколіны з разрывам тынку. Гарадзкія службы распрацавалі праект па ўзмацненьні будаўнічых канструкцый дому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG