Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вялікабрытаніі знайшлі працяг знакамітага рамана «Завадны апэльсін»


Энтані Бёрджэс, 1 лютага 1984.
Энтані Бёрджэс, 1 лютага 1984.

У архівах ангельскага пісьменьніка Энтані Бёрджэса знойдзены няскончаны рукапіс The Clockwork Condition ( «На ўзводзе»), які можа лічыцца працягам рамана «Завадны апэльсін», паведамляе The Guardian. У ім Бёрджэс разважае аб чалавечай прыродзе і пытаньнях, закранутых ім у знакамітым рамане 1962 году.

Няскончаны працяг раману апісваецца як «часткова філязофскае разважаньне і часткова аўтабіяграфія». Аднойчы аўтар згадаў The Clockwork Condition у інтэрвію ў 1975 годзе, тады ён заяўляў, што не прасунуўся далей за ідэю.

Аднак, па словах дасьледнікаў, рукапіс складаецца з 200 старонак друкаванага тэксту, рукапісных нататак і плянаў. У ёй Энтані Бёрджэс апісаў сваю занепакоенасьць узьдзеяньнем тэхналёгій на чалавецтва, у прыватнасьці сродкаў масавай інфармацыі, кіно і тэлебачаньня. Таксама ён закранае спрэчкі вакол экранізацыі «Заваднога апэльсіна». Фільм Стэнлі Кубрыка 1971 года абвінавачвалі ў правакацыі моладзі на гвалт, пасьля крытыкі ён забараніў яго паказваць у Вялікабрытаніі. Карціна зноў выйшла ў брытанскіх кінатэатрах пасьля сьмерці рэжысэра ў 1999 годзе.

У рукапісу пісьменьнік таксама распавядае, як зьявілася назва раману «Завадны апэльсін». Паводле яго, упершыню ён пачуў фразу ў 1945 годзе. Адзін з наведвальнікаў лёнданскага паба сказаў, што хтосьці быў «вар'ят, як завадны апэльсін». «Гэтая фраза заінтрыгавала мяне неверагодным зьліцьцём штодзённасьці і сюррэалізму, – піша Бёрджэс. – Амаль 20 гадоў я хацеў выкарыстаць яе як назву твора».

Няскончаны рукапіс, які Бёрджэс назваў «буйной філязофскай заявай аб сучасным стане чалавека», была пакінутая аўтарам у яго доме каля Рыму. Пасьля сьмерці пісьменьніка ў 1993 годзе дом быў прададзены, а ўвесь архіў перавезены ў Манчэстэр, дзе фонд спадчыны аўтара пачаў каталягізацыю папераў.

Кіраўнік Фонду Бёрджэса ў Манчэстэры Эндру Бісвэл выказаў меркаваньне аб магчымай публікацыі рукапісу. «У чарнавіках і накідах дастаткова матэрыялу, каб даць дастаткова дакладнае ўяўленьне пра тое, чым магла быць гэтая страчаная кніга», – сказаў ён. У архіве таксама зьявілася каля 40 неапублікаваных апавяданьняў Бёрджэса, напісаных ім у 1960-х, калі ён быў яшчэ мала вядомым. Ці будуць апублікаваныя апавяданьні, пакуль невядома.

  • Раман «Завадны апэльсін» выйшаў у 1962 годзе. Дзеяньне адбываецца ў антыўтапічнай будучыні ў Вялікабрытаніі, у цэнтры сюжэту – герой, часова вылекаваны ад цягі да гвалту.
  • У 1971 году выйшла экранізацыя раману, зьнятая Стэнлі Кубрыкам. Фільм быў намінаваны на чатыры «Оскара» і ўвайшоў у сьпіс ста найлепшых у гісторыі кіно па вэрсіі часопісу Empire.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG