Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у чацьвер заклікаў да стварэньня новых і «больш сумленных» сацыяльных сетак на фоне дыскрымінацыі, якой, па словах прэзыдэнта, яго падвяргае «Твітэр».
Ён таксама вітаў ініцыятыву заканадаўцаў, якія выклікалі для дачы паказаньняў кіраўнікоў некалькіх тэхналягічных кампаній у сувязі з рознымі скандаламі.
«Ня дзіўна, што Кангрэс хоча ўмяшацца, і яму варта гэта зрабіць», — напісаў Трамп ў «Твітэры».
Акаўнт Трампа ў «Твітэры» зьяўляецца адным з самых папулярных і налічвае амаль 60 мільёнаў падпісчыкаў, аднак амэрыканскі прэзыдэнт нярэдка крытыкаваў гэтую кампанію і іншыя сацыяльныя сеткі за прадузятае стаўленьне да кансэрватараў.
Ён абвінавачвае «Твітэр» і іншыя тэхналягічныя кампаніі ў абмежаваньні прагляданасьці акаўнтаў вядомых рэспубліканцаў, хоць і ня мае ніякіх доказаў на карысьць гэтых сьцьвярджэньняў.
«Твітэр» настойвае на тым, што кампанія — цьвёрды прыхільнік свабоды слова і змагаецца з выпадковымі праявамі прадузятасьці ў сваіх альгарытмах. Кіраўнік кампаніі Джэк Дорсэй таксама адзначае, што ніякай статыстычнай розьніцы ў колькасьці прагляданых пастоў дэмакратаў і рэспубліканцаў няма.
Тым часам «Твітэр» у аўторак даў справаздачу аб выніках сваёй дзейнасьці ў першым квартале 2019 года. Квартальны прыбытак кампаніі перавысіў чаканьні аналітыкаў. Таксама паведамляецца аб нечаканым росьце месячнай колькасьці актыўных карыстальнікаў. Гэта сьведчыць аб тым, што намаганьні кампаніі па барацьбе са спамам і мадэрацыі пастоў дапамагаюць прыцягваць больш карыстальнікаў і рэклямадаўцаў.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў