Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская дэпутатка Надзея Саўчанка, якую вінавацяць у падрыхтоўцы тэракту, выйшла на волю


Надзея Саўчанка ў судзе, 14 траўня 2018 году

Надзею Саўчанку і Ўладзіміра Рубана абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту і замаху на захоп улады ў краіне.

Пазафракцыйная дэпутатка Вярхоўнай Рады Ўкраіны Надзея Саўчанка і валянтэр Уладзімір Рубан выйшлі на волю 16 красавіка па заканчэньні тэрміну арышту, паведаміў бацька адваката другога. Сястра першай апублікавала відэа, на якім судзьдзя абвяшчаў аб заканчэньні тэрміну мераў стрыманьня абвінавачаных.

Больш за год таму Рубана затрымалі праз падазрэньне ў незаконным перасоўваньні са зброяй і падрыхтоўцы тэрактаў, у тым ліку замахаў на прэзыдэнта Пятра Парашэнку, міністра ўнутраных справаў Арсэна Авакава, сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі Аляксандра Турчынава і іншых.

Пазьней у межах справы арыштавалі Надзею Саўчанку, дазвол на гэта даў парлямэнт. Ёй інкрымінавалі ня толькі падрыхтоўку тэрактаў і замахаў на дзяржаўных дзеячоў, але і замах на «гвалтоўную зьмену канстытуцыйнага ладу або захоп дзяржаўнай улады», а таксама «стварэньне тэрарыстычнай групоўкі».

Рубан адрынаў абвінавачаньні, а Саўчанка казала, што плянавала не тэракт, а толькі «палітычную правакацыю» (хоць да арышту разважала, што вайсковы пераварот — гэта «чаканая і правільная падзея»). Ёй пагражала пажыцьцёвае зьняволеньне.

Штурман верталёта Надзея Саўчанка стала вядомай, калі трапіла ў зьняволеньне ў Расеі ў ліпені 2014 году. Украінскі бок абвінавачваў Расею ў яе выкраданьні, сама Саўчанка расказвала, што яе звозілі ў кайданках і зь мяшком на галаве ў выніку змовы данбаскіх «сэпаратыстаў» і расейскіх спэцслужбаў. У Расеі яе судзілі нібыта за «дапамогу ў забойстве паводле матываў палітычнай нянавісьці».

У верасьні 2014 году партыя «Батьківщина» завочна вылучыла Саўчанку ў дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны, зрабіўшы першай у партыйным сьпісе. Пасьля вызваленьня ў ліпені 2015 году Саўчанка заняла дэпутацкае крэсла. Ужо калі яна была ў зьняволеньні ва Ўкраіне, яе вылучылі на кандыдата ў прэзыдэнты, але Цэнтарвыбаркам адмовіў ёй у рэгістрацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG