Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільён участкаў і каля мільярда выбарнікаў. 6 фактаў пра найбольшыя ў сьвеце выбары


Чарга індыйскіх выбарцаў перад участкам для галасаваньня, 11 красавіка 2019

11 красавіка ў Індыі пачаліся самыя маштабныя выбары ў дэмакратычным сьвеце.

Грамадзяне Індыі выбіраюць 543 дэпутатаў ніжняй палаты парлямэнту Індыі — Лок Сабха. Партыя, якая атрымае ня менш за 272 месцы, зможа сфармаваць урад, а яе лідэр стане прэм’ер-міністрам.

Мы выбралі 6 фактаў пра самы складаны з гледзішча лягістыкі дэмакратычны выбарчы працэс у сучаснай гісторыі.

900 мільёнаў выбарнікаў

  • Ацэньваецца, што ў Індыі жывуць каля 1,3 мільярда чалавек.
  • Права голасу маюць прыблізна 900 мільёнаў.
  • 83 мільёны зь іх — маладыя людзі, якія атрымалі права голасу на парлямэнцкіх выбарах упершыню.
  • 300 мільёнаў выбарнікаў Індыі непісьменныя.

Мільён выбарчых участкаў

  • Галасаваньне будзе адбывацца на 1 млн выбарчых участкаў.
  • Паводле закону, найбліжэйшы ўчастак для галасаваньня павінен знаходзіцца на адлегласьці ня больш за 2 кілямэтры ад выбарніка.
  • Працягласьць Індыі — 3200 км з поўначы на поўдзень і 3000 км з захаду на ўсход.

Выбары працягнуцца 39 дзён

  • Выбары будуць праводзіцца ў сем этапаў.
  • Галасаваньне пачалося 11 красавіка і скончыцца 19 траўня.
  • Вынікі будуць абвешчаныя праз чатыры дні пасьля гэтага.
  • За парадкам на выбарах сочаць 300 чалавек у ЦВК і 10 мільёнаў службоўцаў ды іншых прадстаўнікоў улады на месцах.

Самыя дарагія выбары ў гісторыі?

  • Індыя выдаткуе на выбары каля 7 мільярдаў даляраў.
  • Гэта прыблізна па 8 даляраў на выбарніка ў краіне, дзе каля паловы насельніцтва жыве менш чым на 3 даляры ў суткі.
  • Для параўнаньня: у 2016 годзе амэрыканцы выдаткавалі на прэзыдэнцкія выбары і выбары ў Кангрэс 6,5 мільярда даляраў.

Атрамант як засьцярога супраць шматразовага галасаваньня

  • Як і на мінулых выбарах у 2014 годзе, для прадухіленьня «выбарчых карусэляў» выбарчыя камісіі будуць пазначаць пальцы тых, хто прагаласаваў, цяжказмывальным чарнілам.

Дзьве асноўныя партыі

  • Як мяркуецца, асноўная барацьба за кантроль над індыйскім парлямэнтам адбудзецца паміж Індыйскай народнай партыяй дзейнага прэм’ер-міністра Нарэндры Модзі і Індыйскім нацыянальным кангрэсам Рахула Гандзі (унука колішняй прэм’ер-міністаркі Індыі Індыры Гандзі). Выбарчая кампанія ў асноўным будавалася вакол эканамічных пытаньняў: кандыдаты абмяркоўвалі беспрацоўе, абяцалі паляпшэньне эканамічнай долі індыйцаў. Рахул Гандзі абяцаў выдзеліць штомесяц па тысячы долараў на кожнага чалавека зь бедных пластоў насельніцтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG