Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За рэпост забароненага кліпа Rammstein могуць пакараць задняй датай. Ці законна гэта?


Гурт Rammstein на канцэрце ў Нью-Ёрку, 2010 год
Гурт Rammstein на канцэрце ў Нью-Ёрку, 2010 год

24-гадовы гарадзенец Андрэй Галавенка, якога будуць судзіць за рэпост кліпа Pussy нямецкага гурту Rammstein, расказаў, што ведае толькі адну іхную песьню, а папраўдзе захапляецца творчасьцю Сяргея Міхалка.

«Ня памятаю, ці глядзеў яго ўвогуле»

«Нават ня памятаю, навошта дадаваў і ці глядзеў яго ўвогуле. Я банальна забыўся пра гэты кліп. Калі б мяне ня выклікалі, я б ня ведаў, што ён ёсьць», — прызнаецца хлопец.

Андрэй Галавенка даведаўся, што парушыў закон, 8 красавіка, калі яго выклікалі ў Сьледчы камітэт. Яму паведамілі, што на яго заведзеная крымінальная справа за распаўсюд парнаграфіі (ч. 2 арт. 343). 21 сакавіка 2019 году Дзяржкамітэт судовых экспэртыз прызнаў забароненым да паказу і распаўсюджваньня з прычыны ўтрыманьня парнаграфічных сцэн кліп Pussy гурту Rammstein, які гарадзенец запосьціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» 4,5 года таму.

Артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ад 2 да 4 гадоў.

Андрэй запэўнівае, што ён не прыхільнік гурту Rammstein і ведае толькі адну самую папулярную іхную песьню — Du hast. Адначасна ён захапляецца творчасьцю Brutto і «Ляпісаў», езьдзіць на іхныя канцэрты.

«Калі б прыцягнулі да адказнасьці за іх, ня так крыўдна было б», — кажа гарадзенец.

«Калі экспэрты палічылі, што порна, — значыць, порна»

Андрэй прызнае сваю віну ў тым, што разьмясьціў відэа на сваёй старонцы, але мяркуе, што пытаньне пра парнаграфію спрэчнае.

«Я ж дадаў? Дадаў! Але я мяркую, што порна — гэта порна. Гэта „парнуха“, якую [адмыслова] здымаюць. Але калі нашыя экспэрты палічылі, што гэта порна, — значыць, порна. Ім лепей відаць. Мая згода асаблівай ролі не адыграе», — кажа Андрэй.

Ён кажа, што калі б ведаў, то сьвядома не запосьціў бы порнаролік.

Цяпер хлопец выдаліў забаронены ролік і закрыў свой профіль. Кажа, што расказвае пра свой выпадак, каб іншыя ня трапілі ў такую ж пастку. Ён зьбірае грошы на адваката, зьвярнуўся па падтрымку да грамадзкасьці. Хлопец працуе апэратарам на заводзе.

Ня першы скандал з Rammstein у Беларусі

У Беларусі Rammstein быў у 2010 годзе ў Менску з канцэртам, які суправаджаўся гучным скандалам. Напярэдадні грамадзкая рада па маралі заяўляла, што «творчасьць гурту зьяўляецца непрыхаванай прапагандай гомасэксуалізму, мазахізму ды іншых вычварэнстваў, жорсткасьці, гвалту і непрыстойнай лаянкі. На канцэртах групы часта жыўцом дэманструюцца полавыя акты паміж мужчынамі, семявывяржэньне і перайманьне нацыстаў».

Ад імя рады ў прэсе выступаў яе старшыня, кіраўнік афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў Мікалай Чаргінец.

СК: крымінальная справа не перадвызначае вінаватасьці

Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня СК па Горадзенскай вобласьці Сяргей Шаршаневіч паведаміў карэспандэнту Свабоды, што «факт завядзеньня крымінальных спраў не прадвызначае вінаватасьць людзей».

«У нас ёсьць матэрыялы. Цяпер расьсьледуецца справа, высьвятляюцца ўсе абставіны. Крымінальная справа — гэта форма высьвятленьня праўды. Мы разьбяромся аб’ектыўна, узважана, неперадузята, усебакова і поўна», — сказаў Сяргей Шаршаневіч.

Юрыст: караюць выпадковых людзей, а не стваральнікаў порна

Юрыст і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк сказаў Свабодзе, што ў Беларусі гэта даволі стандартная практыка, калі пост у інтэрнэце разглядаецца як распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў альбо парнаграфіі. Нягледзячы нават на тое, што публікацыя адбылася да таго, як матэрыял быў прызнаны парнаграфічным.

«І гэта вельмі сур’ёзнае парушэньне прынцыпу прававой пэўнасьці, які прадугледжвае, што чалавек можа прадбачыць наступствы ўласных дзеяньняў. Але так цяпер склалася практыка. Нягледзячы на прэзумпцыю невінаватасьці, якая на паперы замацаваная, абароне будзе досыць складана даказаць, што чалавек ненаўмысна распаўсюджваў забаронены кантэнт, ня маючы магчымасьці кваліфікавана ацаніць яго парнаграфічны характар», — тлумачыць юрыст.

Ці лёгка спраўдзіць, што кантэнт, які вы хочаце запосьціць, забаронены?

«Забароненай інфармацыі ў нас многа. Але ў адным месцы вы ня знойдзеце гэты сьпіс, — кажа Аляксей Казьлюк. — Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ёсьць на сайце Міністэрства інфармацыі. А вось сьпісу парнаграфічных матэрыялаў не існуе. Ёсьць відавочныя выпадкі, калі чалавек ведае, што гэта порна. Але з кліпамі нашмат складаней. Бо там ёсьць мяжа паміж парнаграфіяй і эротыкай, паміж мастацкім выказваньнем і парнаграфіяй».

Паводле яго, ёсьць верагоднасьць, што звычайны чалавек, ня маючы культуралягічнай адукацыі, зможа разабрацца не ва ўсіх выпадках.

Аляксей Казьлюк спасылаецца на замежны вопыт, калі спрабуюць абмежаваць і выдаліць нейкі кантэнт, а не караць першага, хто трапіўся пад руку.

«Па-першае, калі гэта быў кліп, які распаўсюджваўся ў сацсетцы, то чаму пытаньне не ўзьнікае да апошняй? Па-другое, ці трэба адразу ісьці да чалавека, які зрабіў рэпост, а не, напрыклад, да вытворцаў кліпа? Гэта пытаньне, чым насамрэч займаюцца праваахоўныя органы: ці яны спрабуюць абмежаваць распаўсюд парнаграфіі, ці яны спрабуюць неяк палепшыць сваю статыстыку».

Паводле Аляксея Казьлюка, цяпер атрымліваецца, што «караюць даволі выпадковых людзей, і гэта ніяк не адбіваецца на самім бізнэсе па вырабе парнаграфіі».

Што такое распаўсюд і што такое парнаграфія?

Раней Сьледчы камітэт на сваёй старонцы ў твітэры апублікаваў адмысловую памятку пра тое, што можа лічыцца распаўсюдам парнаграфіі ў інтэрнэце.

Там, сярод іншага, гаворыцца, што справу могуць пачаць

  • за лайкі і рэпосты ў сацсетках,
  • за дадаваньне відэа на ўласныя старонкі,
  • за перадачу парнаграфічных матэрыялаў праз мэсэнджар,
  • за дэманстрацыю парнаграфіі трэцім асобам,
  • за перадачу парнаграфічных матэрыялаў на іншыя прылады празь бесправадныя сеткі,
  • за адпраўку парнаграфіі праз асабістыя паведамленьні ў сацсетках і электронную пошту.

Таксама прадстаўніца СК Натальля Ганчарова раней у СМІ казала пра прыкметы, якія дазваляюць адрозьніць парнаграфію ад эротыкі. Па яе словах, для парнаграфіі ўласьцівыя:

  • непрыстойная, вульгарная і амаральная выява ці слоўнае апісаньне палавога акту з мэтай дасягнуць сэксуальнага ўзбуджэньня;
  • наўмыснае засяроджваньне ўвагі на палавых органах удзельнікаў падчас зьдзяйсьненьня імі сэксуальных дзеяньняў з падрабязным апісаньнем апошніх;
  • адсутнасьць выявы або апісаньня душэўных перажываньняў чалавека і ягонай натуральнай сэксуальнасьці;
  • унушэньне стэрэатыпаў дэвіянтных паводзінаў: сэксуальная ўсёдазволенасьць, распуста, безадказнасьць і жорсткасьць.

Эротыка ж, паводле прадстаўніцы Сьледчага камітэту, — гэта «акультураны і паказаны як духоўная цяга інстынкт працягненьня роду». У мастацтве эротыка служыць увасабленьнем адухоўленасьці сэксуальных адносін людзей.

Ці былі абсурдныя выпадкі, калі вінавацілі за парнаграфію?

Вінаватымі ў распаўсюдзе парнаграфіі прызнавалі блогера Эдуарда Пальчыса (ён разьмясьціў каляжы з антыбеларускіх суполак, каб прадэманстраваць іхную абразьлівасьць).

Актывіста Дзьмітрыя Паліенку таксама вінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі. На ягонай старонцы ў сацсетцы знайшлі нейкае відэа трохгадовай даўнасьці, у якім угледзелі распаўсюд парнаграфіі.

Праваабаронцы згадваюць выпадак, калі выпускніца адной з гомельскіх ВНУ атрымала крымінальны артыкул за камэнтар «Фу, якая гадасьць!» пад порнаролікам, які яна прагледзела. Паводле Сьледчага камітэту, камэнтар быў пакінуты пасьля дадаваньня відэа на сваю старонку.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG