Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэксасьвета або прапаганда распусты? За што на аўтарку відэаўрокаў для падлеткаў у Грузіі хочуць падаць у суд


Хатыя Ахалая
Хатыя Ахалая

Першыя ў гісторыі Грузіі відэаўрокі пра сэксуальнае выхаваньне для дзяцей і падлеткаў могуць абярнуцца разглядам у судзе, паведамляе «Настоящее время».

Праект адной зь няўрадавых арганізацый выклікаў незадаволенасьць у прадстаўнікоў кансэрватыўнай часткі грузінскага грамадзтва, а аўтарцы відэаролікаў сталі пагражаць у сацсетках згвалтаваньнем і забойствам. Праціўнікі сэксуальнага выхаваньня рыхтуюць таксама пазоў у пракуратуру,

Хатыю і яе чатырохгадовага сына Лазарэ ўсё часьцей пазнаюць на вуліцах Тбілісі. Лазарэ — галоўны герой відэаўрокаў пра сэксуальнае выхаваньне для дзяцей, якія праводзіць яго маці, Хатыя Ахалая. У нязмушанай абстаноўцы на відэа яна расказвае сыну пра ўзаемаадносіны ў сям’і і грамадзтве, расавыя ды іншыя адрозьненьні паміж людзьмі.

У відэароліках для падлеткаў Хатыя закранае такія тэмы, як асабістая гігіена, будова палавых органаў, мэнструальны цыкль — усё тое, пра што, паводле яе, падлеткі часьцяком саромеюцца спытаць у дарослых.

«Мы ведаем, што сёньня дзеці атрымліваюць мноства непажаданай інфармацыі з порнасайтаў, зь некаторых спэцыфічных газэт і часопісаў, з тэлеканалаў. Нейкія рэчы могуць нанесьці траўму псыхіцы, і ад гэтага потым даволі складана пазбавіцца. Таму мы з дапамогай гэтых урокаў хочам усяго толькі данесьці да дзяцей і падлеткаў правільную інфармацыю пра цэлы шэраг пытаньняў», — кажа Хатыя Ахалая.

Яна сьцьвярджае, што рыхтуе свае ўрокі строга ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі і тэхнічнымі дапаможнікамі UNESCO. Пакуль выпусьціла ўсяго чатыры. Пасьля публікацыі трэцяга відэа, у якім ішла гаворка пра геніталіі, у адрас Хатыі пасыпаліся пагрозы.

Такі фармат здаўся кансэрватыўнай частцы грузінскага грамадзтва непрымальным і нават правакацыйным. На Хатыю таксама апалчыліся і ультраправыя. У сацсетках яе абвінавачвалі ў тым, што яна навучае малалетніх дзяцей сэксуальным адносінам. Ананімныя карыстальнікі пагражалі жанчыне расправай і згвалтаваньнем. Па словах Хатыі, з такімі пагрозамі выступалі звычайныя тролі, якіх немагчыма ідэнтыфікаваць.

Фрагмэнт відэаўрока
Фрагмэнт відэаўрока

Тэмай аднаго зь ейных відэаўрокаў абураны былы дэпутат парлямэнту Грузіі,а цяпер дырэктар «Грузіна-Расейскага грамадзкага цэнтру» Дзьмітрый Лордкіпанідзэ.

«Калі з дванаццацігадовымі дзецьмі размаўляюць пра геніталіі і даводзяць ім, што заканчэньне прамой кішкі для многіх людзей — гэта яшчэ і сродак атрыманьня задавальненьня, то гэта нішто іншае, як дыспазыцыя, прадпісаньне, — лічыць Дзьмітрый Лордкіпанідзэ. — Артыкул 141 КК Грузіі разглядае гэта як заведама ўсьвядомленае распуснае дзеяньне», — кажа ён.

Улады Грузіі тым часам маюць намер унесьці ў «Кодэкс правоў дзіцяці» дадатковыя папраўкі, згодна зь якімі ўрокі сэксуальнага выхаваньня для непаўналетніх будуць праводзіцца толькі са згоды бацькоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG