Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры краін Эўразьвязу вырашаюць у Брусэлі, што рабіць з Brexit


Тэрэза Мэй прыбыла на саміт у Брусэль, 21 сакавіка 2019
Тэрэза Мэй прыбыла на саміт у Брусэль, 21 сакавіка 2019

У Брусэлі пачынаецца двухдзённы саміт лідэраў краін Эўразьвязу. Галоўнай тэмай сустрэчы стане адтэрміноўка Brexit. Раней прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй папрасіла адкласьці выхад краіны з ЭЗ да 30 чэрвеня.

Паводле першапачатковага пляну Brexit павінен адбыцца 29 сакавіка. Але брытанскія дэпутаты двойчы адхілілі плян Мэй. Перанос даты дасьць Лёндану неабходны час, каб палагодзіць усе юрыдычныя пытаньні, але на гэта павінны пагадзіцца астатнія 27 краін сябраў ЭЗ. Францыя напярэдадні пагражала адхіліць просьбу Мэй. У Парыжы патрабуюць гарантый, што брытанскі парлямэнт у рэшце рэшт падтрымае плян прэмʼер-міністра. Такога ж пункту гледжаньня прытрымліваецца і Бэрлін.

Крыніцы газэты The Guardian сьцьвярджаюць, штоЭЗ гатовы адкласьці Brexit максымум да 22 траўня. У гэты дзень пройдуць выбары ў Эўрапарлаямэнт. Інакш у яго пройдуць прадстаўнікі Вялікабрытаніі, і гэта ўскладніць працэс выхаду каралеўства з Эўразьвязу.

Сама Мэй правядзе асобныя перамовы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і кіраўніком Эўрапейскай рады Дональдам Тускам.

Тымчасам у Вялікабрытаніі пэтыцыя за адмену выхаду краіны з Эўразьвязу сабрала больш за 900 тысяч подпісаў. Прашэньне апублікаванае на сайце брытанскага парлямэнту. Для разгляду пэтыцыі ў Палаце абшчын неабходна 100 тысяч подпісаў.

Аўтары дакумэнту заклікаюць Лёндан адмяніць артыкул 50 Лісабонскага пагадненьня і застацца ў ЭЗ. Артыкул апісвае працэс выхаду дзяржаваў-членаў з Эўразьвязу. Вялікабрытанія ўжыла яго два гады таму, запусьціўшы тым самым Brexit.

Кіраўнік брытанскага МЗС Джэрэмі Хант у размове з Бі-бі-сі назваў адмену артыкулу магчымай, але малаверагоднай. У сваю чаргу лідэр Палаты абшчын у брытанскім парлямэнце Андрэа Лідсам заявіла, што калі пэтыцыя зьбярэ каля 17,5 мільёнаў подпісаў, то гэта будзе падставай для новага абмеркаваньня Brexit.

Вялікабрытанія далучылася да ЭЗ у 1973 годзе і стане першай краінай, якая яго пакіне. Законапраект аб Brexit прадугледжвае адмену акта аб Эўрапейскіх супольнасьцях 1972 году, на падставе якога краіна ўступіла ў Эўрапейскі зьвяз, а таксама замену законаў Эўразьвязу брытанскімі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG