Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуцкая паэтка пісала вершы для дачкі, цяпер выдасьць кнігу для дзіцячых садкоў і дзіцячых дамоў


Адна са старонак «Кошыка Вожыка»
Адна са старонак «Кошыка Вожыка»

Вершы, якія ўвайшлі ў «Кошык вожыка», былі напісаныя па-расейску. Дачка прыдумала перакласьці вершы на беларускую і выдаць кнігай, маці падтрымала ідэю.

Беларуская паэтка Ліза Шміт распачала на сайце Talaka.by збор грошай на выданьне дзіцячай кнігі «Кошык вожыка». Цягам двух месяцаў яна плянуе сабраць 3800 рублёў.

Кнігу прыблізна на 30 старонак зь вершамі і малюнкамі Лізы Шміт, а таксама «інтэрактыўнымі размалёўкамі» плянуюць выдаць накладам у 1000 асобнікаў. Замовіць кнігу можна за сумы ад 7 рублёў (кошт перасылкі па Беларусі ўключаны). За сумы ад 75 рублёў імя спонсара пазначаць у кнізе, а за сумы ад 500 рублёў дадуць лягатып кампаніі-спонсара.

Аліна Нагорная і Ліза Шміт
Аліна Нагорная і Ліза Шміт

Як растлумачыла Свабодзе аўтарка, яна пачала пісаць вершы і казкі, калі ў яе нарадзілася дачка — Аліна Нагорная, цяпер вядомая як паліттэхноляг і грамадзкая актывістка.

«Ёй хацелася штораз чагосьці новага, і літаратуры ў доме проста не хапала, — згадвае Ліза Шміт пра дачку. — Я пішу на расейскай у асноўным, бо думаю на ёй. Я па нацыянальнасьці напалову карэянка, у пашпарце была карэянка, і таму ў беларускай школе ў мяне не было прадмету „беларуская мова“».

Ідэя перакласьці вершы на беларускую належыць дачцэ, а сам пераклад выканаў паэт Сымон Цынамон.

«Мне беларуская мова вельмі падабаецца, гэта мова, на якой размаўляюць мільёны, але дзяржава не надае ёй належнай увагі, – тлумачыць аўтарка. — Лічу, што ўкласьці цікавую беларускамоўную кніжку — найлепшае, што я магу зрабіць для разьвіцьця беларускай мовы ў Беларусі».

Ліза Шміт дадае, што малюе зь дзяцінства, пераважна алеем на палатне і акварэльлю, супрацоўнічала з выдавецтвам «Белфакс» як ілюстратарка.

Кнігі перададуць ня толькі тым, хто замовіў іх на «Талацэ» — іх таксама плянуюць перадаць у шэраг дзіцячых установаў Случчыны, радзімы аўтаркі. Іх хочуць асабіста занесьці ў дзіцячыя садкі і дзіцячыя дамы, лякарні ды іншыя месцы, дзе бываюць дзеці – прыкладам, у кавярню з буккросінгам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG