Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы запрасіў Лукашэнку ў Варшаву


Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы ў Варшаве
Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы ў Варшаве

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда запрасіў Аляксандра Лукашэнку на ўрачыстасьці з нагоды 80-годзьдзя пачатку ІІ сусьветнай вайны. Вялікая міжнародная сустрэча мае адбыцца 1 верасьня ў Варшаве.

Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў Канцылярыі прэзыдэнта Дуды.

— Польшча будзе ўшаноўваць гэтую дату разам з краінамі, зь якімі мы сёньня блізка супрацоўнічаем на карысьць міру ў сьвеце паводле прынцыпаў міжнароднага права. Да іх адносяцца краіны NATO, Эўразьвязу і «Усходняга партнэрства», у тым ліку і Беларусь, як чалец апошняй ініцыятывы.

Як удакладнілі ў прэс-службе, ва ўсе краіны накіраваныя запрашэньні на імя кіраўнікоў дзяржаваў. Адпаведнае асабіста запрашэньне атрымаў і Аляксандар Лукашэнка.

Вядома, што ў Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы адбыліся першыя рабочыя сустрэчы з амбасадарамі запрошаных краінаў. Цяпер чакаецца пацьверджаньне прыезду і склад іхных дэлегацыяў.

У лютым Варшаву наведаў старшыня беларускага Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч. На пытаньне аднаго з журналістаў пра магчымы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Польшчу ён адказаў, што не выключае такой магчымасьці.

Учора стала вядома, што на ўрачыстасьці ў Варшаву не запрасілі Ўладзімера Пуціна. Як паведаміў прэс-сакратар прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды Блажэй Спыхальскі, «альгарытм запрашэньня на гістарычную гадавіну ня быў гістарычным», а запрашэньні маюць сучасны, а не гістарычны характар.

Летась Аляксандар Лукашэнка адмовіўся паехаць у Парыж на ўрачыстасьці з нагоды 100-годзьдзя заканчэньня Першай усясьветнай вайны. Яго запрашаў асабіста Эманюэль Макрон. У лістападзе 2017 года ён праігнараваў запрашэньне на саміт «Усходняга партнэрства» у Брусэлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG